(сумесны праект Цэнтра гісторыі і культуры, рэдакцыі раённай газеты «Чырвоны Кастрычнiк»)
Нагадаем, што 2022 год у Беларусі проходзіць пад знакам Года гістарычнай памяці, што абавязвае ўсіх нас свята шанаваць гераічныя подзвігі беларускага народа ў перыяд ваенных нягод і выпрабаванняў, незгасальны энтузіязм нашых бацькоў і дзядоў па адраджэнню роднага краю з руінаў і папялішчаў. Але мы не павінны забываць, што ваенныя поспехі і парамога ў Вялікай Айчыннай – гэта не толькі мужнасць і гераізм салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, але і трагедыя палону, пакутаў і ахвяр мірнага насельніцтва на акупіраваных фашыстамі тэрыторыях. Гэта асабліва датычыць маладога пакалення, якое ўсё ж такі мала ведае аб тым, што такое нацысцкія канцлагеры і хто быў іх вязнямі. Штосьці з гэтага забылася, асобнае замоўчвалася, а некаторыя факты, на жаль, сталі прадметам палітычных спекуляцый і гістарычных фальсіфікацый.
Адной з такіх трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны для мноства мірных жыхароў з розных мясцін Беларусі, Расіі, а таксама нашага раёна стаў лагер смерці «Азарычы». Сюды, непадалёку ад аднайменнага пасёлка цяперашняга Калінкавіцкага раёна на пярэдні край варожай абароны ў пачатку сакавіка 1944 года фашысты сілай сагналі больш за 47 тысяч чалавек грамадзянскага насельніцтва, у асноўным жанчын, старых і дзяцей. Вязні ўтрымліваліся пад адкрытым небам сярод балота і дробнага лесу ў нечалавечых умовах, дзе людзі штодзённа паміралі сотнямі, калі не тысячамі, ад холаду, голаду, хвароб, у тым ліку і ад сыпнога тыфу, які наўмысна распаўсюджваўся з мэтай заражэння наступаючых войскаў Чырвонай Арміі (гэта значыць, вязні выкарыстоўваліся ў якасці жывой агароджы, на якіх выпрабоўвалася бактэрыялагічная зброя – адзіны выпадак у ходзе Другой сусветнай вайны). Раніцай 19 сакавіка 1944 года чырвонаармейцы 65й арміі пад камандаваннем генерала арміі П. І. Батава вызвалілі зпад калючага дроту 33480 вязняў, сярод якіх было 15960 дзяцей. Усяго ў сістэме Азарыцкага лагера смерці за тыя два тыдні яго існавання ў сакавіку 1944га загінулі жудаснай смерцю 13980 чалавек, а з улікам некалькіх этапных лагераў – не менш за 20 тысяч мірнага насельніцтва.
Лёсы вязняў фашысцкіх канцлагераў нікога не могуць пакінуць абыякавымі і сёння. Яны вучаць нас мужнасці, мэтанакіраванасці, настойлівасці. А аповеды тых нашых землякоў, якія ў свае юныя годы перажылі жахі генацыду, заклікаюць нас рабіць усё магчымае, каб падобных трагедый больш ніколі не паўтаралася.
У імя выратавання жыццяў
Успаміны Марыі Патапаўны Калянкевіч, жыхаркі вёскі Новая Дуброва, ураджэнкі вёскі Граб’ё Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці, 1929 года нараджэння, аб перажытым у часы знаходжання ў лагеры смерці “Азарычы” запісала дачка Людміла Калянкевіч, 1962 г. н.
“Было гэта напрадвесні 1944 года. Стаялі ў нас у Граб’і немцы. Раптоўна выгналі ўcix жыхароў нашага сяла i загадалi icцi ў суседнюю вёску Гаць. Там размясцілі нас па хатах. У Гаці таксама былі фашысты. Дзед мой Халадок Апанас Рыгоравіч прапанаваў пайсці ў больш глухую вёску Харомнае. “Бо, – кажа, – Гаць – прахадное сяло, каля самай дарогі стаіць, могуць пагнаць кудынебудзь…” А ў Харомным таксама немцы былі, але людзей асабліва не чапалі. Пайшло нас туды многа. Там усе размясціліся ў трох хатах, у адной жылі ажно за 40 чалавек. Быў сярод нас грабніцкі стараста, якога паставілі немцы (Баёк Хведар). Мы прасіліся ў яго, каб даў нам схадзіць у роднае сяло Граб’ё набраць прадуктаў. Дазволіў. Мы збіраліся не па аднаму, а цэлымі сем’ямі, ішлі калонаю. Набяром бульбы — i назад у Харомнае. Хадзілі чуткі, што адсюль, з Харомнага, нас збіраюцца некуды перавозіць. Кажуць толькі, бярыце ўсё, што можна ўзяць. Мы забралі пасцель, падушкі, посцілкі, нейкі посуд, прадукты: сала, соль, муку, крупу… Многа чаго ўзялі, гэта нас потым і i выратавала.
Прыгналі тры вялізныя, крытыя брызентам грузавікі, i па загадзя падрыхтаваных cпicax давай заганяць людзей на гэтыя машыны. 3 нашага вялікага роду Халадкоў сюды трапілi сем’і трох сясцёр: Верас Матруны i пяцёра яе дзяцей (Каця, Вера, Павел, Маня, Ніна), Ткачовай Лукер’і i тры яе дачкі (Марыя, Насця i Надзя), Каняевай Анастасіі з трыма дзецьмі (Феадосій, Miшa i 3iнa) – 14 чалавек з усёй радні.
Набілася поўная машына людзей, няма дзе яблыку ўпасці, цесна, душна… Вязуць нас праз наша роднае сяло Граб’ё, праязджаем Нястанавічы. Там раптам спыніліся. Мама асмелілася, падыйшла да немца i спытала: “Панок, куды нас вязуць?” – Той насмешліва адказаў: “К Шталіну!”.
Прывезлі ў нейкае невядомае месца. Вакол лес, балота… Уся мясцовасць абнесена калючым дротам. Загадалі праходзіць за агароджу праз невялікія дзверцы. Клункі нашы праз ix не пралазілі. Мама спрабавала перакінуць праз верх. Але немец заўважыў гэта, моцна стукнуў маме прыкладам па галаве так, што тая i павісла на тым дроце. Чуць узнялася ад болю, забрала нас i павяла шукаць месца для “жылля”. Выбрала невялікі курганок. Там зрабіла з посцілак i прасцінак, якія ўдалося яшчэ перакінуць, будан, нават з дахам. Наламала хвойніку, зрабіла “пасцель”. Так мы i жылі на тых лапках. Мароз, холад… Спалі, тулячыся адзін да аднаго. Так i грэліся. А хто ляжаў крайні, таго паднімала i прымушала бегаць вакол будана, каб сагрэўся. Cпалi з краю ўсе па чарзе, па чарзе i бегалi – грэліся…
Ноччу касцёр не дазвалялі паліць, толькі днём. Варыла мама для ўcix нас нейкую поліўку. Не памятаю, каб я там што ела. Хварэла я тады на тыф. Hiчогa не лезла ў рот.
У памяці засталося, як днём i ноччу над лагерам ляталі снарады. Гулi, свісталі… Страшна было. Хлеб прывозілі толькі адзін раз. Кідалі праз дрот, як сабакам. Хто выходзіў з чаргі, каб першым yxaпіць хоць кавалак, таго білі палкамі. Немцы проста кідалi хлеб у натоўп, a паліцai дык здзекваліся, разбіваючы людзям твары.
Першым, хто трапіў у лагер, немцы яшчэ сёетое дазвалялі браць i нешта рабіць. А каго прывезлі пазней, тым не давалі нічога ўзяць. Голыя, галодныя, прытуліўшыся адзін да аднаго, так сем’ямікучкамі i пазамярзалі.
Уся тэрыторыя вакол лагера была замініравана. Калі нашы салдаты вызвалялі лагер, размініравалі толькі вузенькую сцежачку сантыметраў на 4050. Па ёй павінны былі ўсе прайсці. Калі я ішла, асцярожна ступаючы, дык бачыла i запомніла тыя міны. Яны былі i як “талеркі”, i як “рыба”…
Iшлі хворыя, аслабленыя, аступаліся i ўзрываліся на мінах. Гінулi i тыя, хто ішоў побач: ззаду, спераду… Людзі гублялі адзін аднаго. Нейкая жанчына з клункамі, згубіўшы сваё дзіця, усё крычала: “Доонька, Ваалька!.. Дооонька, Ваалька!…” I цяпер чую той голас… Мама, каб нас не згубіць, намеціла ўcix дзяцей: пазавязвала на плечы розныя клункі i посцілкі. Так мы ўсе i выйшлі, не згубіліся. Усе 14 душ, хто трапіў туды з нашай сям’і.
Kaлi нас вывелі, савецкія салдаты знайшлі ў лесе калодывуллі i запалілі ix. Пах ішоў, трэск: добра гарэ лi. Мама ўcix параздзявала i стала выпальваць адзенне на гэтым кастры: праводзіла дэзынфекцыю. Так рабілі i другія. Салдаты яшчэ нас у банях павыпарвалі. Пасля павялі па сёлах. Прабылі мы па тыдню ў вёсках Цідава i Замашчаны, недалёка ад Азарыч. Затым завезлі на станцыю Халоднікі, адкуль павінны былі цягніком ехаць да Хойнікаў. Састаў яшчэ стаяў, чакаў, пакуль прычэпяць паравоз, каб ехаць. Многія паселі ўжо ў вагоны. У трох з ix былі “буржуйкі”, людзі ix pacпалілi i грэліся. Фашысцкі самалёт, які засёк дым, кінуў бомбы якраз у гэтыя вагоны. Многія з вызваленых загінулі пры бамбёжцы цягніка. Kapцінa жахлiвая: хто ранены, хто забіты, акрываўлены, крыкі, слёзы… Але ніхто нікога не чуў. Ратаваліся, хто як мог. Людзі, якія засталіся жывыя, уцякалі ў лес, беглі па нейкім полі, пакрытым заледзянелым (запомніла, што не правальваліся) снегам, нагадваючы мурашак…
Мы цудам засталіся жывыя. Як толькі пачалi бамбіць вагоны, мама хутка белымі прасцінямі прыкрыла нас, каб не было відаць на фоне белага снегу. Так i ўратаваліся.
Сасчапілі цэлыя вагоны i павезлі тых, хто застаўся жывы, да Хойнікаў. Налёты нямецкіх самалётаў працягваліся. Але ўжо не бамбілі. Цягнік iшоў вельмі ціха. Калі толькі чарговы налёт, састаў спыняўся, i машыністы – ў лес. Людзям выходзіць не давалi: сядзелі ў вагонах…”
Людміла Калянкевіч: “Пыталася ў мамы, як жа так можна было ў гэтай мясарубцы выжыць ды яшчэ i захаваць жыццё ўсім 14 членам з вялікай сям’і? Пасля працяглай паузы мама сказала, што яе маці (мая бабуля Лукер’я Апанасаўна) туліла каля грудзей Евангелле. Калі выводзілі з лагера, на зямлі, стаптанай людскімі нагамі, сярод бруду, гразі, снегу i вады ўбачыла невялікую картонную (як не размокла!), без рамкі іконку з выявай Божай Maцi з немаўлятам i анёламі – нехта згубіў. Падняла яна тую іконку і беражліва паклала да грудзей яе побач з Евангеллем.
Берагла ўвесь час…
I цяпер гэтая сямейная рэліквія – невялікі, патрапаны часам, ужо з адарванымі старонкамі томік Евангелля i старанна абрамленая рамачкай іконка беражліва захоўваюцца ў хаце маёй матулі. Як Божы пакроў, нясуць яны ў наш дом дабро, згоду, пазбаўляючы сям’ю ад трагедый i няшчасцяў.”
Матэрыялы падрыхтавалі
Любоў ШЭЙКА,
навуковы супрацоўнік
Цэнтра гісторыі і культуры,
Юрый КАСПЯРОВІЧ.