«Кожны чалавек павінен ведаць мову сваёй Радзімы, тых мясцін, дзе ён жыве, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання», – пераканана пераможца абласной алімпіяды па беларускай мове, уладальніца Дыплома першай ступені, вучаніца пятага класа Акцябрскай раённай гімназіі Аміна Назарава. Займацца ёй яна плануе і далей.

Знай наших! Образование

DSC_0456Самае незвычайнае ва ўсёй гэтай гісторыі тое, што бацькі Аміны – медыкі Гулам Каханавіч і Наіля Рагімаўна – ураджэнцы Сярэдняй Азіі і ў Беларусь перабраліся ў пачатку мінулага дзесяцігоддзя. Ужо тут, на Акцябршчыне, іх сям’я, у якой падрастала дачушка Эліна, папоўнілася двайнятамі – братам і сястрычкай Рахманам і Амінай.
Вядомыя туркменскія прыказкі (а бацька Аміны таксама, як і яна, па нацыянальнасці туркмен) сцвярджаюць, што «Арол вольны, калі ў яго ёсць крылы» і «Бачыць прыгожае – гэта кавалачак раю». Магчыма, яны іх нават не ведалі, але пры выхаванні дзяцей падсвядома кіраваліся закладзенай у іх думкай пра тое, што ў жыцці можна нечага дабіцца, калі ёсць трывалы багаж тых альбо іншых ведаў, а далучэнне да творчасці, да прыгажосці толькі станоўча ўплывае на душу – яна становіцца дабрэйшай, больш спагадлівай. Вось і Аміна ў мінулым годзе займалася ў дзіцячай школе мастацтваў на фартэпіяна. Зараз жа з задавальненнем наведвае заняткі на аддзяленні «Харэаграфія» і танцуе ў добра вядомым акцябрычанам і гасцям гарпасёлка «Эдэльвейсе».
Чым было выклікана жаданне больш дасканала асвоіць беларускую мову? Адказ – у назве артыкула. Аміна ўзмоцнена рыхтавалася да алімпіяды – чытала дадатковую літаратуру, вучыла граматыку, новыя словы, вершы. Значную дапамогу аказвала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Сяргееўна Крэч.
– Страшна не было, – расказвае дзяўчынка. – У першым заданні патрабавалася ўставіць прапушчаныя літары ў словы. Потым перакласці прапанаваныя словы з рускай мовы на беларускую. Далей патрэбна было словазлучэнне перадаць адным словам. Апошнія два заданні – уставіць прапушчаныя словы ў верш і назваць яго аўтара. І прыдумаць пяць сінонімаў да слова «зямля». З усім справілася няблага.
Усяго за перамогу змагаліся 54 пяцікласнікі. І Аміна сярод іх у вострай барацьбе стала першай (дастаткова сказаць, што адрыў ад другога месца, якое заняла гімназістка са Светлагорска, быў усяго 0,5 бала).
Дзяўчынка на выдатна вучыцца ў школе. Як яна сама гаворыць, сярод гадавых адзнак будзе толькі дзве «дзявяткі». Астатнія – «дзясяткі». Дарэчы, Рахман ад яе не адстае – за апошнюю чвэрць у яго былі толькі дзве васьмёркі, астатнія – дзевяць і дзесяць.
У вольны час Аміна любіць вышываць, маляваць, займацца ўсім тым, што яе цікавіць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *