У Магілёўскай вобласці 324 населеныя пункты адключаныя ад электраэнергіі (па стане на 15.00) з-за ледзянога дажджу і снежнай стыхіі, паведаміў галоўны інжынер РУП «Магілёўэнерга» Аляксандр Шышоў.
У ліку найбольш пацярпелых паўднёва-заходнія раёны вобласці: Глускі, Асіповіцкі і Клічаўскі. Таксама стыхія «зачапіла» Бабруйскі і Кіраўскі раёны. «Раніцай гэтыя раёны накрыў сапраўдны ледзяны дождж. Гэтая прыродная з’ява выклікала наліпанне лёду на правады і дрэвы. У выніку больш за 50 ліній электраперадачы былі пашкоджаныя, засталіся без святла 324 населеныя пункты і 43 малочнатаварных фермы», — сказаў галоўны інжынер.
У цяперашні час у пацярпелых ад стыхіі раёнах вобласці працуюць 40 аварыйных мабільных брыгад. Плануецца ў бліжэйшы час перакінуць туды яшчэ 8 брыгад з іншых раёнаў, а таксама дадаткова 4 магутныя дызельныя электрастанцыі. «У першую чаргу мы забяспечваем працу кацельняў на мясцовых відах паліва, а таксама вытворчы працэс на малочна-таварных фермах, задзейнічаючы ўсе наяўныя рэзервовыя электрастанцыі камунальнікаў і МНС», — сказаў Аляксандр Шышоў.
Ён запэўніў, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. У рэжыме рэальнага часу паступае інфармацыя і карэктуецца праца адпаведных службаў.