Мэтанакіраваны “пошук” прывёў да перамогі і на ўзроўні краіны

Знай наших!

DSC_0161У рэспубліканскім конкурсе (канферэнцыі) работ даследчага характару, які праводзіўся ў горадзе Магілёве з 24 па 26 лютага, вучаніца 10 класа Акцябрскай раённай гімназіі Анастасія Мартыненка была ўдастоена Дыплома ІІІ ступені і такім чынам замацавала свой ранейшы поспех, дасягнуты зусім нядаўна ў абласным этапе.
Дзіцячая навукова-практычная канферэнцыя пад сімвалічнай назвай “Пошук” з’яўляецца вельмі прэстыжным конкурсам, які ставіць перад сабой мэты выяўлення здольных і адораных вучняў, развіцця іх інтэлектуальнай творчасці, фарміравання асноў даследчай культуры. І, назіраючы за апошнімі поспехамі дзесяцікласніцы раённай гімназіі Анастасіі Мартыненка, можна зрабіць вывад, што пэўнай часткі вышэйназваных мэтаў ёй удалося ўпэўнена дасягнуць.
Безумоўна, адну з галоўных роляў у Насцінай перамозе сыграла яе любоў да роднай мовы, мясцовых звычаяў і абрадаў. Акрамя таго, у апошні час тэме нацыянальнай кухні, гісторыі і значэнні разнастайных страў у жыцці беларусаў надаецца павышаная ўвага. Гэта не толькі своеасаблівы “павеў моды” у добрым сэнсе гэтага слова, але і актуальнае і цікавае пытанне, што яскрава можна назіраць па шматлікіх публікацыях у цэнтральнай і рэгіянальнай прэсе, шэрагу пазнавальна-забаўляльных тэлеперадач. Таму і тэма Насцінай даследчай працы была выбрана адпаведная – “Беларуская нацыянальная кухня і яе рэпрэзентацыя ў творах фальклору і літаратуры”.
Да выхаду яе, як кажуць, у свет папярэднічала надзвычай складаная і скрупулёзная падрыхтоўка. Пачынаючы з верасня, практычна штодзённа Насця пад непасрэдным кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Таццяны Сяргееўны Крэч крупінка за крупінкай збірала матэрыялы, рабіла вытрымкі з гістарычных і мастацкіх арыгіналаў, калі давялося пералапаціць шмат самай разнастайнай літаратуры, гутарыць з мясцовымі носьбітамі традыцыйнай культуры, нават знаёміцца з асартыментам страў акцябрскага рэстарана. Дапамагала канкурсантцы ў многім яе мама Алена Іванаўна, якая працуе дырэктарам раённай бібліятэкі, ды і тата Сяргей Васільевіч не заставаўся ў баку – нешта цікавае прыпамінаў, падказваў. У выніку атрымалася цікавая і змястоўная распрацоўка, дапоўненая зборнікам беларускай нацыянальнай кухні, буклетам “Смачна есці!” з анатацыямі на трох мовах – беларускай, рускай і нямецкай.
Як мы ўжо раней паведамлялі, навукова-даследчая праца вучаніцы 10 класа Акцябрскай раённай гімназіі Анастасіі Мартыненка адзначана Дыпломам ІІ ступені ў абласным этапе конкурсу ў снежні мінулага года, а аўтар была дэлегіравана ад Гомельшчыны ў ліку шасці самых лепшых удзельнікаў на рэспубліканскі тур, які адбыўся напрыканцы мінулага тыдня ў Магілёве.
Некалькі слоў аб самім выступленні. У секцыі “Літаратуразнаўства” прэтэндэнтаў на пермогу было 22 – усе творчыя, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя асобы (яны, дарэчы, унесены ў спіс рэспубліканскага банка даных як адораныя дзеці, і для іх прызначана спецыяльная стыпендыя) падрыхтоўку якіх па грунтоўнасці пісьмовай працы і па вусным 10-хвілінным выступленні ацэньвала прадстаўнічае журы.
— Калі казаць пра абарону праекта маёй вучаніцы, то яна выступіла на ёй дастойна, адказваючы на пытанні прафесараў і дацэнтаў упэўнена, дакладна і адначасова эмацыянальна, — дзеліцца ўспамінамі настаўніца Т. С. Крэч. – Хваляванне, безумоўна, было, але Насця з ім хутка справілася – усё ж такі сказаўся пэўны вопыт папярэдніх удзелаў у конкурсе. Галоўнае, што яна не разгубілася сярод сваіх канкурэнтаў, праявіла волю да перамогі і даказала, што трывалыя, грунтоўныя веды і практычныя здольнасці варты паказаць і вучні з глыбінкі, як наша, сведчаннем чаму – Дыплом ІІІ ступені. Што тут казаць, калі прадстаўнікі ліцэя БДУ выступілі пры гэтым некалькі слабей і наогул не ўвайшлі ў тройку прызёраў. Мацнейшымі аказаліся сверснікі з тытулаванай гімназіі №51 горада Гомеля – за гэтай установай два прызавыя месцы. Аднак і ў нас многае яшчэ наперадзе і, спадзяюся, не падвядзём.
Сапраўды, здольнай і паспяховай вучаніцы Анастасіі Мартыненка на дасягнутым няма як спыняцца. Зараз Насця рыхтуецца да ўдзелу ў конкурсе даследчых работ “КоллегиУМ”, які адбудзецца ў хуткім часе ў Рагачове. Пажадаем жа ёй таксама выдатнага выступлення і новых творчых перамог!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *