Без песень не ўяўляла жыцця

Общество

   

Верас Варвара Данілаўна, носьбіт народнай творчасці, добрая спявачка, танцорка і барабаншчыца, у свой час візітная картка ўзорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі”, нарадзілася ў вёсцы Граб’ё Акцябрскага раёна ў свята праваслаўных вернікаў Варвары 17 снежня 1925 года. Па імя святой так бацькі яе і  назвалі – Варвара, а па-мясцоваму Варка.

      Колькі сябе памятала Варвара Данілаўна, і якім бы нялёгкім не было жыццё, але яго яна не ўяўляла без старадаўніх народных песень і танцаў. Працавала ў мясцовай  школе тэхнічкай (1959 -1991), але “…з песняй мне быць разам, мабыць, лёсам наканавана. Маці мая спявала, а татка на дудзе граў” – гаварыла Варвара Данілаўна. Адным словам, як маці Акуліна Герасімаўна, так і бацька Даніла Ігнатавіч былі неабыякавымі да народнай творчасці і, магчыма, у нейкай меры адыгралі сваю ролю і перадалі навыкі і любоў да народнай музыкі і песень сваёй дачцэ. “Перад вайной  (1939 год) у бацькоў на кватэры жыла медсястра Марыя,— успамінала жанчына — “Харошая была, іграла на гітары, а калі пераязджала, дык пакінула гэты інструмент мне. А я ўжо сама навучылася граць на ім і спяваць гарадскія рамансы”. Але як любой вясковай жанчыне, давялося Варвары Данілаўне асвойваць і асновы ткацтва, вышыўкі, цяпер яе вырабы захоўваюцца ў сям’і.

     Яе ўнук Саша Шпак хадзіў у СШ №3 (зараз раённая гімназія). І яго настаўніца Тамара Сяргееўна Круглова неаднаразова запрашала на свае краязнаўчыя ўрокі бацькоў дзяцей, дзядуль і  бабуль, у тым ліку і Варвару Данілаўну (1992). З 2004-2006 гады Варвара Данілаўна была нязменным настаўнікам і дарадцам у навучанні дзяцей фальклору. Вось і перадавалі моладзі навыкі выканання песень і танцаў, якія праз стагоддзі былі пранесены папярэднімі пакаленнямі.

        Мноства  старажытных песень, казак, прымавак і жартаў ведала Варвара Данілаўна, якія ў свой час змагла перадаць добра вядомаму не толькі на Акцябршчыне ўзорнаму фальклорнаму калектыву “Рудабельскія зорачкі”. Яна стаяла ў вытокаў яго стварэння (1995). Разам з Вольгай Гаўрылаўнай Дульскай і Дзмітрыем Гаўрылавічам Бяжковым, кіраўнікамі калектыву,  навучала дзяцей спяваць песні і танчыць мясцовыя танцы: “Ой з-пад дуба, з-пад бярозы” (сямейна-бытавая песня, якую спявалі ў любы час), танец “Базар з прыпеўкамі”, “Полька”, “Нарэчанька”, “Месяц”, “Субота”, раскрывала адметнасці правядзення абраду “Юр’я” і іншае.

    Варвара Данілаўна праводзіла вялікую выхаваўчую работу ў калектыве, прывіла пачуццё гонару і павагі да сябе, настойвала на захаванні прыгажосці адносін паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, прыгаворваючы: “Каб дзяўчынкі былі працавітыя, песні пелі і ўсё ўмелі”.

     Больш дзясятка гадоў Варвара Данілаўна супрацоўнічала разам з узорным ансамблем  “Рудабельскія зорачкі”.  Незабыўнае ўражанне пакінулі выступленні  калектыва разам з Варварай Данілаўнай у час правядзення заключных мерапрыемстваў Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” (2004-2014), на пляцоўках г.п. Акцябрскі і навакольных вёсак, выступленне ансамбля высока было адзначана, калі давялося выступаць перад Прэзідэнтам краіны ў 2009 годзе ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна на рэспубліканскім  свяце “Покліч Палесся”. Свае навыкі і любоў да песні перадала дачцэ Маі, якая працягвае справу, пачатую маці, і таксама выступае з калектывам на канцэртных пляцоўках.

       Яе жыццёвы шлях не быў лёгкім, а сямейныя перапетыі заслугоўваюць напісання рамана. Тым не менш, Варвара Данілаўна ніколі не схіляла галавы перад цяжкасцямі, а заўсёды паказвала непаддзельную цікавасць да жыцця і непаўторную да яго любоў. Лепшымі яе дарадцамі былі народная песня і праца. Песня прысутнічала  на працягу ўсяго яе жыцця. Яе жыццё багатае на шчырую павагу аднавяскоўцаў і кранаючую любоў дзятвы. Яна вучыла ўсіх, як трэба памятаць і шанаваць нашу агульную спадчыну.

 

Падрыхтавала Тамара Маскалёва, загадчык арганізацыйна-метадычным аддзелам ДУК “ЦКДД Акцябрскага раёна”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *