Мой родны кут (сумесны праект Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна і рэдакцыі газеты “Чырвоны Кастрычнік”)

Общество

 

Вандроўка першая. Парэчча (Працяг. Пачатак у №№30,31)

З разбурэнняў да росквіту

Адразу пасля вызвалення Парэчча і яго наваколля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што, як мы ўжо казалі, адбылося 28 чэрвеня 1944 года, пачалі рабіцца першыя і вельмі-вельмі цяжкія крокі да аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Увесь гэты амаль непасільны цяжар лёг на плечы жанчын, дзяцей і старых, тых, хто выжыў і ўцалеў у гады акупацыі праз аблавы акупантаў, учыненыя імі расстрэлы і пажарышчы. Чакаць дапамогі з боку не даводзілася, бо вайна працягвалася, праўда, ужо па-за межамі Беларусі, і вораг яшчэ не быў разбіты. І ўсё ж калгаснікам нейкім чынам выдзелілі з дзяржаўных фондаў невялікі запас зерня для азімай пасяўной 1944-га. На той час у Парэччы не засталося ні каня, ні трактара, і насенне даводзілася несці калгаснікам на плячах за больш чым дзесяць кіламетраў з чыгуначнай станцыі Рабкор. У асноўным самыя цяжкія работы даводзілася выконваць жанчынам – і плуг цягнуць за сабой, і лес пілаваць, каб адбудаваць дамы, хлявы і масты, знішчаныя ў час вайны. Краіна, як магла, дапамагала ў аднаўленні калгасаў. З гэтай мэтай у пачатку 1946 года менавіта ў Парэччы была адкрыта першая і адзіная ў раёне Акцябрская машынна-трактарная станцыя  (МТС). Вось як аб гэтым згадваецца ва ўспамінах тагачаснага дырэктара ўстановы Аркадзя Іванавіча Бялькевіча:

“13 лютага 1946 года загадам па Бабруйскаму абласному сельскагаспадарчаму ўпраўленню я быў накіраваны на пасаду дырэктара Акцябрскай МТС. Прыехалі мы з землямерам у Парэчча. Як кажуць, з нічога трэба было зрабіць так неабходнае калгаснікам механізаванае падраздзяленне. Пасярод вёскі знайшлі прыгодную пляцоўку, пабудавалі прымітыўныя памяшканні. Тэхнікі ніякай не было, і патрэбныя механізмы пачалі збіраць з разбітых трафейных машын, танкаў. Асабліва стараўся галоўны механік МТС Серафім Паўлавіч Паўлаў. Якія толькі здольнасці на выдумку, вынаходніцтвы ён тады ні праяўляў! Гэтаму і зараз могуць пазайздросціць многія нашы механізатары. Праз некалькі тыдняў нам выдзелілі два трактары “Наці” і адну “палутарку” з Бабруйскай МТС “20 год Кастрычніка”. Мне з галоўным механікам С. П. Паўлавым прыйшлося іх пераганяць у Парэчча сваім ходам. На гэта патрацілі двое сутак.  З Акцябрскага мы накіраваліся ў Залессе, дзе знаходзілася нафтабаза, заправіліся, узялі некалькі бочак паліва. Потым праз Халопенічы паехалі на Парэчча. Пад канец дарогі спыніўся адзін з трактароў. Прыйшлося браць яго на буксір. Так з горам папалам дабраліся да МТС…

Паступова склаўся добры атрад механізатараў. У асноўным гэта былі франтавікі. Яны і на працоўным фронце працягвалі сваю ратную справу і рабілі яе не горш. Менавіта тут, на парэцкіх палях, гартаваліся хлебаробскія характары такіх механізатараў, як Іван Алейнік, Сяргей Круглоў, Фёдар Калянчук, Міхаіл Куляшэўскі. Каля гэтых сталых трактарыстаў  набіраліся вопыту і маладыя. Перш за ўсё трэба адзначыць стараннасць і добрасумленнасць Аляксандра Ладышэўскага, Георгія Касцюкевіча, Аляксандра Гуткоўскага, Аляксандра Касцюкевіча і іншых.

У першыя гады ў МТС на ўзбраенні механізатараў знаходзіліся трактары “Наці”, ХТЗ, “Універсал”. А ў пяцідзесятыя пачала паступаць новая, больш удасканаленая тэхніка – гусенічныя трактары ДТ-54, С-80 і першы самаходны зернеўборачны камбайн “С-4”. Сапраўдным майстрам на ўборцы збожжавых стаў камбайнер Вадзім Рудакоўскі. Такім чынам мы абслугоўвалі ўсе гаспадаркі раёна, якія знаходзіліся на правым беразе Пцічы”.

З цягам часу матэрыяльна мацнелі і самі калектыўныя гаспадаркі. Так, на мяжы 40-50-х гадоў узбуйнілі калгас у Парэччы за кошт суседніх. Стаў ён насіць імя Варашылава, а старшынёй абралі Фёдара Міхайлавіча Каваленку. Паступова адбудоўвалася і прыгажэла вёска, калі ўсё больш калгаснікаў перасялялася ў новыя дабротныя дамы. Менавіта тады ж жыхары Парэчча ўпершыню сталі карыстацца электрычнасцю, якую выпрацоўвалі ў мясцовай МТС на лакамабільнай устаноўцы. І яшчэ ў кожную хату працягнуліся правады – загаварыла радыё. Разам з гэтым распачалі калгаснікі і вялікую новабудоўлю – сельскі клуб. Вось так мянялася жыццё ў Парэччы ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.

Па сутнасці лёсавызначальным для многіх буйных вёсак, у тым ліку і для Парэчча, стала рашэнне тагачаснага Саўміна, згодна з якім у мэтах больш эфектыўнай працы на зямлі машынна-трактарныя станцыі былі рэарганізаваны, а тэхніку перадалі непасрэдна ў гаспадаркі. А вясною 1957 года на базе МТС і калгасаў утварылася дзяржаўнае прадпрыемства – саўгас “Парэчча”.

Адметна (на той час гэта было выключнай рэдкасцю), што першым дырэктарам гэтага саўгаса з’яўлялася жанчына – Лізавета (па дакументах – Луіза) Іванаўна Уцеўская, якая за зусім нядоўгі тэрмін свайго кіравання гаспадаркай пакінула ў яе гісторыі яркі след. Родам з данскіх казакаў, яна, спецыяліст чыгуначнага транспарту (скончыла прэстыжны  Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту  ў Гомелі), у 1955 годзе па накіраванню Гомельскага абкама партыі у ліку так званых 35-тысячнікаў прыехала развіваць сельскую гаспадарку на Акцябршчыне. Спачатку ўзначаліла парэцкі калгас імя Варашылава, праз два гады, як ужо адзначалася вышэй, стала дырэктарам саўгаса. Строгая і патрабавальная і, разам з тым, чулая і справядлівая, Лізавета Іванаўна здолела з’яднаць калгаснікаў на сумесную стваральную працу, а яе разумная ініцыятыва і зайздросная дзелавітасць ішлі толькі на карысць справе. Малады кіраўнік (а ёй было толькі пад 30) здолела наладзіць  эканамічныя сувязі не толькі з іншымі раёнамі, але і з абласцямі, прычым, і за межамі рэспублікі. Так, на ўкраінскай Чарнігаўшчыне па бартэру за рэалізаваную бульбу атрымалі насенне лубіну. На Украіну з зарэчнага саўгаса таксама ішоў лён, пасевы якога пры Уцеўскай значна павялічыліся, драўніна, у абмен парачане атрымлівалі алей і зерне, чым авансіравалі мясцовых працаўнікоў і прыцягвалі іншых на работу ў гаспадарку. За кошт новай сельгастэхнікі пашырыўся яе механічны парк, да 70 гектараў з былых 8-мі павялічылася плошча пладовага сада ў Парэччы. Адной з важкіх заслуг Лізаветы Уцеўскай лічылася яе прамое садзейнічанне ў будаўніцтве маста праз Пціч ля вёскі Ражаноў, які праіснаваў да 1971 года, пакуль на яго месцы не з’явіўся новы, жалезабетонны (зараз ён, як мы ўсе ведаем, дэманціраваны) – асабістая просьба маладога дырэктара саўгаса да дэпутата Вярхоўнага Савета СССР Маршала Савецкага Саюза С. К. Цімашэнкі не засталася без увагі, і сіламі вайскоўцаў жыццёва неабходная пераправа ў кароткі тэрмін была здзейснена.

Нераўнаважнай заставалася няўрымслівая Лізавета Іванаўна да паляпшэння стану ўнутрыгаспадарчых дарог (пры ёй з’явілася добраўпарадкаваная гравейка Парэчча – Харомцы), умоў працы работнікаў, якія атрымалі магчымасць даглядаць жывёлу ў капітальных хлявах альбо дапрацоўваць насенне зерневых у новых складскіх памяшканнях.

Актыўнасць гэтай абаяльнай жанчыны-кіраўніка праяўлялася ў многім. Яна не толькі арганізоўвала людзей на працоўныя справы, але і сама паказвала прыклад на сяўбе ці жніве. А як яна майстэрскі спявала і танцавала – залюбуешся, і зараз успамінаюць старажылы Парэчча. І што немалаважна – адчувалася ў гэтага інтэлігентнага дырэктара выключная павага да простага чалавека: яна заўсёды імкнулася быць побач з даяркамі, паляводамі, цікавіцца іх справамі і па магчымасці вырашаць, за гонар лічыла сфатаграфавацца з імі, як гэта бачна на рэдкім здымку з выпадку ўзнагароджання калектыва тады яшчэ калгаса імя Варашылава Пераходным Чырвоным сцягам за высокія паказчыкі ў сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананне дзяржзаказу за 1956 год.  Таму толькі добрую памяць захоўвалі  ўдзячныя парачане аб сваёй легендарнай “дырэктрысе” пасля яе пераезду ў 1958 годзе ў Мінск на далейшую вучобу, а пазней – і на гаспадарчую работу  (апошнія гады Л. І. Уцеўская жыла ў сталіцы Крыма Сімферопалі).

Як бачна, гаспадарка ў Парэччы ў пасляваенны перыяд паступова мацнела, пашырала свае межы, хоць і не вельмі хутка, аднак рос і дабрабыт людзей. Безумоўна, садзейнічала гэтаму нястомная праца вяскоўцаў, пачынаючы з самага ранняга дзяцінства плюс своасаблівая “сялянская жылка” парачан. Яскрава і дакладна распавядаецца аб тым цяжкім, але па-свойму цікавым часе ва ўспамінах аднаго з аўтараў гэтага артыкула, ураджэнкі Парэчча Любові Сяргееўны Шэйка (да замужжа – Балута), чыё дзяцінства и юнацтва як раз выпадалі на 50-60-я гады:

“Варта сказаць, што вясковае дзяцінства заўсёды звязана з якой-небудзь, але абавязкова працай з улікам навакольнай прыроды. Выдатная наша рака Пціч патрабавала трапяткога стаўлення да яе з ранняй вясны да позняй восені. Яна нам дапамагала выжываць як з-за багацця рыбы ў ёй, так і лугавога разнатраўя навокал. Вось на гэтых шырокіх лугах дарослыя і дзеці нарыхтоўвалі сена. Траву трэба было своечасова скасіць, высушыць, згрэбці, скласці ў копы і стагі – гэта вельмі нялёгкая праца. Дзеці розных узростаў, мы круціліся каля бацькоў на сенажаці, выконваючы пасільную (а часам наадварот) працу, так як была жорсткая ўстаноўка – 5 стагоў сена на лузе кожнай сям’і калгаснікаў, з іх 2 стагі для сваёй жыўнасці. І так на працягу першага і другога ўкосу.

Зарэчныя лясы вабілі нас сваімі зараснікамі парэчак, маліны – карысныя і духмяныя ягады трэба было збіраць і нарыхтоўваць на зімовы перыяд, чым мы і займаліся, у тым ліку і збор жалудоў для хатняй гаспадаркі. У многіх сем’ях, у тым ліку і ў нас, у распараджэнні былі вуллі ў выглядзе аб’ёмных калод, якія размяшчаліся на дрэвах. Характэрна, што на зіму для нас, дзяцей, заўсёды была прызапасена пляшка з сумессю лугавога і ляснога мёду. Спажываючы гэты лячэбны ласунак, мы хварэлі вельмі рэдка. Акрамя таго, многія акцябрычане з даўніх часоў ведаюць, што Парэчча – гэта журавіны, чарніцы, брусніцы, ну і, вядома ж, грыбы. І зноў дзятва на пярэднім фронце. Да сённяшняга дня памятаю цэны ў нарыхтоўшчыкаў на лясныя дары пачатку 60-х: журавіны – 20-28 капеек за кілаграм, чарніцы – 3 рубля за вядро і столькі ж за кілаграм сушанай. Такім чынам мы да 1 верасня на адзенне, школьныя прыналежнасці, пачынаючы ўжо з малодшых класаў, у асноўным зараблялі самі. Вось што значыла наша вясковае дзяцінства, не тое што ў сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак…

Любоў Шэйка, навуковы супрацоўнік ДУК “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна”, Юрый Каспяровіч.

Фота з архіваў музея ДУА “Парэцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Працяг будзе.                 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *