З любоўю да людзей і зямлі

Общество

         Прыгожая наша зямля. Аднак сапраўдную прыгажосць ёй надаюць працалюбівыя, адданыя свайму краю людзі.

         У  вёсцы Рассвет у свой час быў вядомы Уладзімір Дзмітравіч Стукаў, былы механізатар, спецыяліст, аб якім слава грымела на ўвесь раён.

         Нарадзіўся ён ў вёсцы Рэпін у 1942 годзе. Адразу пасля вайны сям’я бацькоў пераехала ў Мінск. У 1947 годзе яго бацьку, кадравага ваеннага, камуніста направілі ўзначаліць калгас «Малады ленінец» у весцы Качай-Балота. Тут, у Рассвеце, прадоўжылася жыццёвая біяграфія Уладзіміра Дмітравіча. Закончыўшы сямігодку, пайшоў у Рэчыцкае ПТВ механізацыі, бо вельмі любіў тэхніку. Праз год пасля заканчэння вярнуўся ў калгас на працу трактарыстам.

    Шмат моладзі ў шасцідзясятыя гады ехала па камсамольскіх пуцёўках на  цаліну. Сярод іх быў і васемнаццацігадовы Уладзімір. Пасля вяртання з Казахстана яго прызвалі на службу ў рады Савецкай Арміі. Тры гады службы ў ваенным сапёрным батальёне Маскоўскай ваеннай акругі праляцелі хутка. Пасля дэмабілізацыі Уладзімір вярнуўся на радзіму. Працаваў на фермах на падвозцы кармоў, малака на трактары НШ-16, а таксама на Т-40, Т-50, а ў 1970 годзе калгас атрымаў новы МТЗ-50 ПЛ. Якасна і своечасова выконваў усе работы, якія даручалі яму.Араў, сеяў, садзіў, касіў… Любімы час на працы – нарыхтоўка траў  на сена раніцай. На клетках трава заўседы была ўраджайная. Зяленай сцяной стаяла цімафееўка. З самага рання, калі сонца яшчэ толькі падымаецца, навокал стаіць цішыня, і толькі птушыны спеў і раўнамерны гул трактара разносяцца па балоце. Пасля касьбы заставаліся роўныя валкі травы, якімі з радасцю  любаваўся з кабіны механізатар.

    Кіраўніцтва калгаса і раёна ацаніла працу хлебароба. За добрасумленныя адносіны да справы ўзнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, знакамі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, “Ударнік  9 пяцігодкі”, ардэнамі працоўнай Славы II, III ступені, граматамі і грашовымі прэміямі.

     Хлопец – зух! За якую справу не браўся, усё спорылася ў яго руках. Таму і самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы не доўга думала, калі Уладзімір прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. У 1964 годзе Марыя Мікалаеўна Крук і Уладзімір Дзмітравіч Стукаў згулялі вяселле. Амаль уся вёска прымала ўдзел у слаўнай  сямейнай падзеі.       

     Стукавы вырасцілі і выхавалі траіх дзяцей: сыноў Валянціна і Мікалая, дачку Жанну. Валянцін застаўся жыць на малой радзіме, у весцы Рассвет, працуе ў мясцовай гаспадарцы. Дачка Жанна звязала жыццё з горадам. Сын Мікалай пайшоў па вайсковаму шляху . Уладзімір Дмітравіч прызнаваўся, што ганарыцца сваімі дзецьмі. Ды і дзеці заўсёды былі ўдзячны сваім бацькам. За жыццёвую навуку: як людзей паважаць, як Айчыну берагчы, як працаваць…

       На жаль, няма ўжо сярод нас Уладзіміра Дзмітравіча, ды і зусім нядаўна заўчасна не стала сына Мікалая …

    Землякі з павагай ставіліся да сям’і Стукавых. За іх працавітасць, добрасумленнасць, актыўную жыццёвую пазіцыю, любоў да зямлі і людзей…

   На такіх моцных, добрасумленных працаўніках, цудоўных людзях і трымаецца наша маці-зямля-карміцелька.         

 Людміла Вырвіч, метадыст ДУК “ЦКДД”  (з краязнаўчых фондаў Рассветаўскай сельскай бібліятэкі).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *