Апалены вайной

Общество

25 снежня 1979 года пачаўся ўвод савецкіх войск ў Афганістан. Увод войск прайшоў параўнальна лёгка, у час захвату прэзідэнскага дварца ў Кабуле загінуў прэзідэнт Афганістана Хафізула Амін. Мусульманскае насельніцтва не змірылася з савецкім прысутніцтвам, і ў паўночна-усходніх правінцыях успыхнула паўстанне, якое ахапіла ўсю краіну.

Вайна… Страшнае слова. Кожная вайна прыносіць боль, страты і пакуты. Амаль дзесяць гадоў доўжылася вайна ў Афганістане. Яна прынесла ў многія беларускія хаты незагойныя раны і слёзы.
Смерці ў вочы зазірнулі зусім яшчэ маладыя хлопцы. Дваццаць восем тысяч восемсот трыццаць два ўраджэнцы Беларусі былі адпраўлены ў пакутнае полымя вайны, 723 з іх загінулі, 12 прапалі без вестак.
Афганістан. Афганцы. Інтэрнацыяналісты. Ацынкаваныя дамавіны. Слёзы. Гора. Абурэнне. Жалоба па сынах і мужах. Іх асірацелыя дзеці, паламаныя лёсы дзяўчат і жанчын, што не дачакаліся любімых з далёкага краю. Усё гэта знітавалася ў адзін сувой, назва якому – трагедыя народа, трагедыя пакалення, абпаленага вайной, якой магло і не быць.
Хочацца паіменна назваць нашых аднавяскоўцаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане: Ячмянёў Леанід Аляксандравіч, Пракаповіч Анатоль Усеваладавіч, Багдановіч Міхаіл Уладзіміравіч, Малчанаў Мікалай Пятровіч.
Вельмі цяжка пісаць пра тых, каго ўжо няма сярод нас, але хочацца, каб пра іх ведалі не толькі аднавяскоўцы і родныя, але і ўся наша краіна.
Вёска Парэчча, вуліца Прытыцкага, д. 20. Тут пражывала дружная сям’я Пракаповічаў:
Пракаповіч Усевалад Валянцінавіч (1936 – 1991 г.) – працаваў слесарам-наладчыкам у саўгасе “Парэчча”;
Пракаповіч Лідзія Фёдараўна (1938 г. н.) – працавала санітаркай Парэцкай бальніцы, пражывае ў дачкі Людмілы ў г. Калінкавічы;
Пракаповіч Людміла Усеваладаўна (1957 г. н.);
Пракаповіч Святлана Усеваладаўна (1958 г. н.);
Пракаповіч Анатоль Усеваладавіч (1962 – 2011 г.);
Пракаповіч Тамара Усеваладаўна (1965 г. н.).
Напярэдадні жаночага свята 07.03.1962 года ў сям’і нарадзіўся доўгачаканы хлопчык.
Бацькі назвалі яго Анатолем. У 1969 годзе пайшоў у першы клас Парэцкай сярэдняй школы.
З ўспамінаў першай настаўніцы Ярковіч Таісіі Гаўрылаўны:
– Рос паслухмяным, адказным хлопчыкам. Захапляўся спортам, любіў пагуляць у футбол. Заўсёды старанна рыхтаваўся да ўрокаў і быў выдатнікам.
З успамінаў класнага кіраўніка Куляшэўскай Людмілы Фёдараўны, настаўніка фізікі:
– У старэйшых класах вялікую цікавасць праяўляў да прадметаў матэматычнага цыклу. Асабліва захапляўся фізікай, любіў выконваць лабараторныя работы. Разам з сябрамі арганізавалі школьны ансамбль і з задавальненнем выступалі на розных мерапрыемствах, школьных вечарах, наладжвалі выступленні ў суседніх вёсках.
З успамінаў аднакласніцы Немцавай Алены Мікалаеўны:
– У дзяцінстве стараўся ніколі нікога не крыўдзіць. Успамінаецца, як ён адзін разам з намі дзяўчынкамі хадзіў на праполку маладога лесу кіламетраў за пяць ад вёскі. Дабіраліся туды і назад пешшу. Анатоль заўсёды стараўся нам дапамагчы, рабіў самую цяжкую работу.
Лёс распарадзіўся так, што ён выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Доўгі час бацькі нічога не ведалі пра сына. І толькі потым сталі прыходзіць пісьмы з Афганістана. Пісаў, што вельмі цяжка пераносіць гарачыню. Аднойчы душманам ўдалося спаліць палатку, дзе яны размяшчаліся разам з сябрамі. Згарэлі ўсе дакументы. І толькі пасля дэмабілізацыі быў адноўлены камсамольскі білет.
Шкада, што рана з жыцця пайшоў мой аднакласнік, але і за гэты кароткі час паспеў шмат зрабіць: пабудаваў дом, пасадзіў сад, вырасціў дваіх сыноў, але не дачакаўся ўнукаў .
У 1979 годзе закончыў 10 класаў Парэцкай сярэдняй школы. І вясною 24.04.1980 г. прызваны ў армію (часць 73439 г. Віцебска). І так здарылася, што яго юнацтва супала з афганскай вайной, якая патрабавала ад маладых абаронцаў не толькі выканання воінскага абавязку, але і мноства жыццяў. З 24.11.1980 па 27.04.1982 г.г. выконваў інтэрнацыянальны абавязак ў Афганістане (часць 93450 г. Кабул). Мае ўзнагароды: нагрудны знак “Парашутыст-выдатнік Савецкай Арміі I ступені”, медаль “За баявыя заслугі”, 4 юбілейныя ўзнагароды, граматы.
Лёс падараваў яму вялікае шчасце – жыццё. Вясною 1982 года Анатоль быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў родную вёску.
Суседаў сын дамоў
з Афганістана вярнуўся…
На руках – загару медзь…
Я ні пра што дапытвацца не стану.
І на вачах няцяжка зразумець,
што перажыў ён…
Артур Вольскі.
Яшчэ ў школе разам са сваім сябрам Балтушкіным Міхаілам марыў стаць вадзіцелем аўтобуса. Іх мары здзейсніліся. З 1983 года Анатоль разам з сям’ей (жонкай Валянцінай, двума сынамі) пражываў ў г. Гомелі і працаваў вадзіцелем аўтобуса. У жнівені 2011 года пасля цяжкай хваробы яго не стала, але да канца свайго жыцця Анатоль памятаў жахі Афганістана, яго ўспаміны кранаюць за сэрца любога:
– Некалькі месяцаў я служыў у дэсантных вайсках, потым быў шафёрам (так як у мяне былі правы вадзіцеля). У Афгане вадзіцелем быць вельмі цяжка. Тут проста небяспечна ездзіць, усюды міны, як толькі сышоў з каляі, то і ўзляцеў у паветра. Тут за сябе не баішся, а толькі за сябра, што едзе з табою.
Там была партызанская вайна, вялікія баі – рэдкасць. Заўсёды: ты і ён. Робішся чуйным, як рысяня. Пусціў чаргу – ён сеў. Чакаеш. Хто цяпер? Яшчэ не пачуў стрэлу, а ўжо адчуў, як праляцела куля. Ад каменя да каменя паўзеш… Затойваешся… Гонішся за ім… Як паляўнічы… Увесь спружына… Не дыхаеш… Ловіш нейкае імгненне… Калі б сышліся, мог бы забіць прыкладам… Забіваеш – адчуваеш, што ты жывеш! Я зноў – жывы! Радасці забіць чалавека няма. Забіваеш, каб вярнуцца дадому… Да чужой смерці я прывык, а уласнай баяўся. Бачыў, як ад чалавека за адну секунду нічога не застаецца, быццам яго зусім не было…
Сышла ў гісторыю і афганская вайна. Але ў памяці людской ёй яшчэ жыць доўга, таму што яе гісторыя напісана крывёй салдат і слязьмі маці, яна будзе жыць у памяці сірот, якія засталіся без бацькоў. Будзе жыць у душах тых, хто ў ёй удзельнічаў. Пакаленне, апаленае яе агнём, як ніхто, засвоіць ваенныя і маральныя ўрокі той, нікім і нікому не аб,яўленай, гераічнай і трагічнай афганскай вайны. Няхай успаміны аб ёй будуць напамінам народу, наказам нам, жывым, надалей быць больш мудрымі, абачлівымі і ашчаднымі да жыцця сваіх сыноў.
Караліна ШЫЛКОВА,
вучаніца 8 класа ДУА «Парэцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *