Асветніцкая дзейнасць Францыска Скарыны

Общество

Дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна» сумесна з рэдакцыяй газеты «Чырвоны Кастрычнік» працягвае публікацыю навукова-гістарычнага праекта «Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання». Запрашаем прыняць удзел у праекце гісторыкаў, філолагаў, бібліятэкараў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.
Кнігі Францыска Скарыны – унікальная з,ява сусветнай культуры: поўнага збору яго арыгінальных выданняў няма ні ў адной бібліятэцы свету. Францыск Скарына здзейсніў сапраўдны подзвіг не столькі таму, што стаў першым усходнеславянскім кнігадрукаром, колькі по той прычыне, што менавіта ён зрабіў друкаванае слова даступным для ўсяго грамадства. Цудоўна аформленыя выданні лічацца сапраўднымі шэдэўрамі еўрапейскай і беларускай культуры, іх можно назваць помнікамі беларускаму слову. Прадмовы і пасляслоўі ў Бібліі Францыска Скарыны, дзе ён раскрывае глыбокі сэнс біблейскіх паданняў, прасякнуты клопатам аб разумным упарадкаванні грамадства, выхаванні чалавека, усталяванні дастойнага жыцця на зямлі.

Асветніцкая дзейнасць Францыска Скарыны, выданне кніг на роднай мове дзеля навучання “люду паспалітага” мелі на мэце выхаваць нацыянальную інтэлігенцыю, якая па ведах і інтэлекце стаяла б упоравень з заходнееўрапейскімі дзеячамі навукі і мастацтва. Скарына першым з еўрапейскіх друкароў вызнаў новую, рэнесансную грамадскую свядомасць. Аналіз яго прадмоў і пасляслоўляў характарызуе яго як чалавека смелага, прадпрымальнага, неспакойнага. Усюды Скарына выступаў як моцны аўтарытэт, які шмат ведае, таму і робіць. Ён навучае ўсяму, што лічыць патрэбным, абапіраючыся на навуку. Ён з гонарам гаварыў пра сваё паходжанне – “з слаўнага града Полацка”, горда называў сябе “доктарам Францыскам Скарынай” і змяшчаў у падрыхтаваных кнігах свой партрэт, хаця ўсе ранейшыя выданні былі ўвогуле ананімныя. Усё гэта вельмі ў духу рэнесанснага гуманізма з яго культам асобы.
Пра асветніцкую, перакладчыцкую дзейнасць Скарыны шырока вядома. На Беларусі яшчэ да Скарыны, акрамя летапісаў і розных юрыдычных дакументаў, амаль уся літаратура была пераважна перакладной. Аднак пра тое, што Скарына – сапраўдны пісьменнік, сведчаць яго прадмовы і пасляслоўі да кніг Старога Запавету.
Усяго ў пражскіх выданнях Скарыны змешчана 25 прадмоў, а ў адным только віленскім Апостале – 22. Амаль столькі ж і пасляслоўяў. Вельмі сціслыя і дзелавыя, яны знаёмяць чытачоў з выхаднымі дадзенымі кнігі. А вось прадмовы Скарыны – арыгінальныя творы беларускай публіцыстыкі. Гэта звернутыя да простага, мала- адукаванага чытача шчырыя, пранікнёныя словы мудрага настаўніка, у якіх ён цярпіва, старанна і зацікаўлена тлумачыць змест, вобразы, ідэю таго ці іншага біблейскага твора, міфа, імкнучыся максімальна аблегчыць засваенне даволі нялёгкага матэрыялу.
Характэрная асаблівасць скарынаўскіх прадмоў – прастата, даходлівасць, лаканізм, насычанасць багатай інфармацыяй, звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры, філасофіі. Пры гэтым аўтар будуе прадмовы не трафарэтна, а даволі разнастайна паводле кампазіцыі і выкладу.
Найчасцей свае прадмовы Скарына пачынаў з тлумачэння назвы кнігі, далей сцісла выкладаў яе змест, знаёміў з аўтарам твора, з гісторыяй яго ўзнікнення, а пасля даваў аналіз зместу, асветніцка-выхаваўчае значэнне кнігі. Бывала і так, што спачатку Скарына выкладаў перадгісторыю тых падзей, пра якія расказвалася ў той ці іншай кнізе Старога Запавету. Асобныя прадмовы насычаны ўласнымі разважаннямі аўтара, навеянымі зместам твора.
Прадмовы напісаны багатай мовай: у іх сустракаецца мноства народных выслоўяў, біблейскіх афарызмаў, выказванняў першадрукара, якія таксама сталі крылатымі.
Асобныя прадмовы вельмі цікавыя сваімі вершаванымі ўстаўкамі, якія можна лічыць першымі вопытамі кніжнага вершаскладання на ўсходнеславянскіх землях, напрыклад, вершаваны эпіграф да “Кнігі Іова”:
“Богу в троици единому ко чти и ко славе, Матери его пречистой Марии к похвале. Всем небесным силам и святым его к веселию, Людем посполитым к доброму научению”.
Верш выдатны тым, што ў ім выразна праглядваюцца элементы сілабатанізму.
Асабліва вылучаецца прадмова Скарыны да Псалтыра – сваёй узнёсласцю, эмацыянальнасцю, мастацкай выразнасцю. Месцамі яна гучыць як паэзія ў прозе:
“Псалом ест щит против бесовскым нощъным мечтаниям и страхом, покой денным суетам и роботам, защититель младых и радость старым, потеха и песня, женам набожьныя молитва и покраса, детем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем модное утверьжение”.
У шырока вядомай прадмове да кнігі “Юдзіф” беларускі асветнік выяўляе свае патрыятычныя пачуцці:
“Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобныя боронять ульев своих, — тако ж и люде, и где зродилися и ускормлены суть по Боже, к тому месту великую ласку имають».
У віленскай друкарні Скарына каля 1522 года выдаў друкаваную кнігу ва Усходняй Еўропе. Тытульны аркуш гэтага выдання невядомы, таму і пра назву яго даводзіцца казаць даволі ўмоўна. У прадмове (пасляслоўі) да кнігі сярод іншага дадзены пералік твораў, якія “ў гэтай малой падарожнай кніжыцы па чарзе каротка выкладзены”. На гэтай падставе даследчыкі і назвалі яе “Малой падарожнай кніжкай”.
Пашыраная сёння назва гэтай кнігі сведчыць, што яна прызначалася найперш для зручнага выкарыстання не столькі для царкоўных патрэб, колькі для хатняга чытання і пад час падарожжаў. Гэтым жа мэтам адпавядае малы фармат выдання – удвая меншы, чым мелі пражскія выпускі Бібліі Скарыны – у восьмую долю аркуша.
“Малая падарожная кніжка” аздоблена некалькімі гравюрамі новага тыпу, не падобнымі да тых, што выкарыстоўваліся Скарынам у пражскіх выданнях. З улікам адсутнасці ў Вялікім княстве літоўскім прафесійных мастакоў-гравёраў можна дапусціць, што гравіравальныя дошкі, як і шрыфты, беларускі першадрукар прывёз з Прагі. Адначасова ў новым выданні Скарыны бачны многія рысы яго папярэдніх пражскіх выданняў, што таксама сведчыць пра тое, што ён перавёз у Вільню разам з асабістымі рэчамі і некаторыя друкарскія матэрыялы.
Тэксты ў “Малой падарожнай кніжцы” прадстаўлены на царкоўнаславянскай мове ў беларускай рэдакцыі і маюць духоўны характар.У яе ўключаны і паэтычныя творы, што дазваляе лічыць Францыска Скарыну першым беларускім паэтам, а яго творы – сусветным здабыткам. Скарына першым з усходне-славянскіх друкароў пачаў выкарыстоўваць тытульныя аркушы: у “Малой падарожнай кніжцы” іх пяць. Дзякуючы Скарыне беларуская друкаваная кніга ад самага першага выдання вызначалася высокім мастацкім і паліграфічным узроўнем.
“Малая падарожная кніжка” складаецца з 22 частак, якія сабраны разам у адзін пераплёт. Яны ўпрыгожаны ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі.
У большасці кніг захаваліся арыгінальныя прадмовы і пасляслоўі, напісаныя самім Францыскам Скарынам.
“Малая падарожная кніжка” ўяўляе сабою менавіта Следаваны Псалтыр.
Яна складаецца з 22 частак:
Псалтыр.
2. Часаслоў.
3. Акафіст труне Гасподняй.
4. Канон труне Гасподняй.
5. Акафіст архангелу Міхаілу.
6. Канон архангелу Міхаілу.
7. Акафіст Іаану Прадцечы.
8. Канон Іаану Прадцечы.
9. Акафіст Багародзіцы.
10. Канон Багародзіцы.
11. Акафіст святым Пятру і Паўлу.
12. Канон святым Пятру і Паўлу.
13. Акафіст святога Міколу.
14. Канон святому Міколу.
15. Акафіст крыжу Гасподняму. 16. Канон крыжу Гасподняму.
17. Акафіст імені Ісуса.
18. Канон імені Ісуса.
19. Шасцідневец.
20. Канон пакаяльны.
21. Канон у суботу на юртані.
22. Саборнік.
Дзякуючы ўдакладненай даце Францыск Скарына абгрунтавана лічыцца не толькі першым беларускім, літоўскім і ўсходнеславянскім друкаром, але і першым друкаром у Вялікім Княстве Літоўскім і заснавальнікам першай друкарні на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Сёлета мы адзначаем 500-годдзе беларускага кніга — друкавання – знакавая падзея для ўсёй краіны. Гэта нам дае магчымасць прадэмастраваць адзінства беларускай і еўрапейскай культур, якое прайшло праз стагоддзі.
Л. Шэйка, навуковы супрацоўнік ДУК “Цэнтр гісторыі і культуры
Акцябрскага раёна”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *