У аўторак уся краіна святкавала Дзень Незалежнасці. Па традыцыі нацыянальнае свята адзначылі і ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. Пачалося яно раніцай з ускладання кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі працоўных калектываў кветак да памятных мясцін райцэнтра.
Афіцыйная частка ўрачыстага мерапрыемства працягнулася каля мемарыяла “Брацкія могілкі”. З прывітаннем да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Віктар Палуянаў, падзякаваўшы ветэранаў вайны за мір і незалежнасць. Выступіў і старшыня раённага савета ветэранаў Фёдар Бандарэнка. Пасля ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да вечнага агню і на магілы загінуўшых абаронцаў Айчыны, як сімвал таго, што дзеці, унукі і ўжо праўнукі ніколі не забудуць іх вялікі подзвіг. Памяць аб салдатах ушанавалі хвілінай маўчання.
Увечары святочная атмасфера запоўніла гарадскі парк. Нават нечакана для ўсіх спыніўся зацяжны дождж, які не сціхаў усе выхадныя дні. Тут прайшоў святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў Акцябршчыны. Дарэчы, павіншаваць землякоў з Днём Незалежнасці прыехаў са сталіцы адказны сакратар Беларускага Саюза грамадскага аб’яднання вязняў фашысцкіх лагераў “Рэха вайны” Аркадзь Шкуран. Пасля звароту да акцябрычан і святочных віншаванняў ім Аркадзь Пятровіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ўзнагароды – Падзячны ліст Фонда Памяці палкаводцаў Перамогі – старшыні райвыканкама Віктару Палуянаву, галоўнаму рэдактару раённай газеты Алене Старыновіч, дырэктару Цэнтра гісторыі і культуры Карыне Курсевіч, якая акрамя гэтай узнагароды, атрымала Ганаровую грамату Міжнароднага саюза былых вязняў канцлагераў і Памятны медаль “Нескароныя”. Такі ж медаль Аркадзь Шкуран уручыў загадчыку аддзелам сельскай гаспадаркі раённай газеты «Чырвоны Кастрычнік» Юрыю Каспяровічу. Памятныя граматы Фонда Памяці палкаводцаў Перамогі атрымалі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Елісееў, загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Беразоўская, навуковы супрацоўнік Цэнтра гісторыі і культуры Любоў Шэйка. Старшыня раённага савета ветэранаў Фёдар Бандарэнка быў узнагароджаны Ганаровай граматай Расійскага Саюза ветэранаў.
Працягнулася свята на Цэнтральнай плошчы культурна-забаўляльнай праграмай, а завяршылася – сумесным выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.