Праграма пад сімвалічнай назвай «Бульбяны фэст», арганізаваная работнікамі сельскага дома народнай творчасці, была вельмі насычанай: песні, вершы, гульні, віншаванні, таксама была выстава розных страў з бульбы. Народу каля ўстановы культуры сабралася шмат.
Дзеці ў касцюмах бульбы, як галоўнага прадукта беларусаў, адкрылі святочную праграму, на працягу якой вядучыя прыводзілі цікавыя звесткі з гісторыі гэтай смачнай і карыснай гародніны, расказвалі пра яе каштоўнасць. А далей гучалі «бульбяныя» песні ў выкананні жаночага калектыву «Вяснянка», а таксама дзіцячай вакальнай групы. У перапынках паміж нумарамі праводзіліся конкурсы. Так, у адным гледачы павінны былі назваць як мага больш страў, якія можна прыгатаваць з бульбы, у другім – прымалі ўдзел у спаборніцтве «Хто хутчэй збярэ бульбу ў кошыкі?» і г.д.
На мерапрыемстве прысутнічаў старшыня Ламавіцкага сельскага Савета М. І. Камзолаў, які павіншаваў усіх са святам, а прадстаўнікоў «залатога ўзросту» – і з Днём пажылых людзей. Ён уручыў падарункі самай старэйшай жыхарцы аграгарадка Р. Р. Верас, а таксама тым, у каго ў гэтым годзе нарадзіліся дзеці, – Алене Вайгель і Івану Тозіку, Ларысе Шрам і Юрыю Кулакову; хто адзначыў свой 55-гадовы юбілей шлюбу, – сям,і Юкоўскіх, 30-гадовы – сям,і Кашаед і 25-гадовы – сям,і Герасіменка, павіншаваў іншых юбіляраў. Сям,я Валатковіч была прызнана пераможцай конкурсу на лепшы падворак. Віншаванні з прафесійнымі святамі прымалі настаўнікі, работнікі лясніцтва, гандлю, пошты і іншыя. Конкурсы, гульні, розыгрыш латарэй… Усё на любы густ. А завяршылася свята танцавальнай праграмай толькі вечарам.
Аксана Борсук. Фота аўтара.