Цымбалы, скрыпка, дудка гралі і ўсіх танчыць запрашалі

Общество

DSC_0021

Упершыню за гісторыю “Берагіні” ў рамках прайшоўшага  ІХ фестывалю адбыўся рэспубліканскі конкурс музычных інструментальных капэл традыцыйнага складу “Дудар”.

Той, хто мае ад прыроды выдатны музычны слых і здольны прыгожа іграць на пэўным музычным інструменце, спрадвеку лічыўся ці не першай асобай на вёсцы. Сапраўды, якое ж свята можа абыходзіцца без музыкі і залежачых ад яе песень і асабліва танцаў. У традыцыйнай культуры, абрадавай творчасці ды і наогул у фальклоры народным музычным інструментам  адводзіцца асобае месца. Канцэпцыя фестывалю “Берагіня”  першапачаткова прадугледжвала, абапіраючыся на існуючыя традыцыі, выкарыстанне  ў якасці музычнага суправаджэння толькі “жывы” гук, без аніякай фанаграмы. І гэта тычыцца не толькі звыклага нам усім гармоніка, але і той жа скрыпкі, дудкі, цымбалаў, дуды, шумавых інструментаў. Трэба сказаць, што задума арганізатараў фестывалю трывала ўвасобілася ў жыццё: без мілагучных спецыфічных мелодый, напоеных водарам фальклорных крыніц, ужо немагчыма ўявіць сабе ніводнага мерапрыемства фестывальнай праграмы.

Падчас мінулых фэстаў музычныя  ансамблі, у прыватнасці, інструментальныя капэлы традыцыйнага складу, якія дзе-нідзе з’яўляліся іх часткай, заставаліся  быццам некалькі ў цяні калектываў іншай накіраванасці. І вось гэты, на погляд арганізатараў фальклорнага свята, недахоп быў выпраўлены, і ў спіс заключных імпрэзаў ІХ фестывалю “Берагіня” быў уведзены адпаведны конкурс, які адбыўся ўпершыню.

У праграме “Інструментальная музыка” І рэспубліканскага конкурсу музычных інструментальных капэл традыцыйнага складу “Дудар” у намінацыі “Музычна-інструментальны фальклор” прынялі ўдзел усяго 4 ансамблі. Перад пачаткам конкурснага спаборніцтва госці цёпла віталі ўзорны калектыў ДУК “Рассветаўскі культурна-спартыўны цэнтр” нашага раёна, які па-майстэрску выканаў найгрышы, дзе ўсе вядучыя партыі належалі  гармонікам у адрозненне ад калектываў-канкурсантаў, якія прадэманстравалі валоданне і іншымі музычнымі інструментамі. Тут рассветаўцам (і не толькі) ёсць чаму павучыцца, каб у далейшым, магчыма, стварыць і свой адмысловы ансамбль накшталт капэлы традыцыйнага складу.

Але вернемся непасрэдна да ўдзельнікаў. Імі ў вышэйназваным конкурсе з’яўляліся інструментальная  капэла ўзорнага  фальклорнага калектыву “Знічка” ДУА “Палатоўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Полацкага раёна Віцебскай вобласці, узорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок” ДУА “Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў імя  М. К. Агінскага”  Гродзенскай вобласці, гурт студэнтаў і выпускнікоў кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў “Капэля з-пад гаю” і музычная капэла ўзорнага фальклорнага гурта “Вянок” Ракаўскага  цэнтра народнай творчасці  Валожынскага раёна Мінскай вобласці. На суд экспертнага савета, які ўзначальваў кандыдат культуралогіі, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Вячаслаў Віктаравіч Калацэй, канкурсанты прадставілі рэпертуар, складзены на мясцовых матэрыялах з народнай музычнай спадчыны рэгіёнаў, якія прадстаўлялі гэтыя гурты, па намінацыях “Ансамблевае выканальніцтва”, “Траіста музыка”, “Сольнае выканальніцтва”.

Калі казаць коратка, то кожны з калектываў прадставіў сваю “фішку” ў інструментальным выкананні. У “Знічкі” гэта больш яскравае і адмысловае гучанне цымбалаў і гармоніка, у “Гулянка” – дудкі, дзяўчаты з гурта “Вянок” віртуёзна валодалі скрыпкамі, удзельнікі мінскага гурта “Капэля з-пад гаю” не маглі не здзівіць імправізацыямі пад матыў вядомых народных танцаў на дудзе. А гледачы маглі ўпэўніцца на свой слых, як гучаць той жа “Кракавяк” ці “Лявоніха” альбо “Полька” з “Месяцам” у той ці іншай мясцовасці на розных інструментах і кожны з пэўным музычным “акцэнтам”, уласцівым для розных куткоў нашай роднай Беларусі.

У выніку пераможцам І рэспубліканскага конкурсу інструментальных капэл  стаў гурт “Вянок” з Ракава Валожынскага раёна (на здымку). Да слова, гэты адметны па шэрагу пазіцый калектыў стаў лаўрэтам І ступені і ў прэзентацыі традыцыйных народных касцюмаў, якая адбылася ў заключны дзень фестывалю.

Юрый КАСПЯРОВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *