Дамініка ведае родную мову!

Знай наших!

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Ён асаблівы для
кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы,
няма мовы без яе носьбіта. Сёння ў нашай краіне двухмоўе,
але ёсць людзі, якія вывучэнне і выкладанне роднай мовы зрабілі
справай свайго жыцця. Сярод іх – настаўнікі і выкладчыкі.
Можна з упэўненасцю сказаць, што менавіта яны ведаюць
i абараняюць мову, передаюць яе сучасным пакаленням.

Дзяўчынка на павышаным узроўні займаецца вывучэннем роднай мовы з настаўніцай гімназіі Таццянай Сяргееўнай Крэч і дасягае ў гэтай справе высокіх вынікаў. Дарэчы, дзякуючы таленавітаму педагогу шмат вучняў гімназіі захапляліся роднай мовай, прымалі ўдзел у алімпіядах і лінгвістычных конкурсах, канферэнцыях, чыталі вершы і прозу. І вылучаліся пры гэтым сярод сапернікаў добрым валоданнем беларускай мовы, літаратурнай начытанасцю і прыгожым маўленнем. Таццяна Сяргееўна лічыць, што вывучэнне роднай мовы – гэта не проста вывучэнне школьнага прадмета. Гэта нешта большае. Такім чынам захоўваецца наша спадчына, а мова працягвае жыць.

Што тычыцца васьмікласніцы Дамінікі Казловай, то для яе беларуская мова – гэта і любімы школьны прадмет, і магчымасць праявіць сябе праз удзел у розных інтэлектуальных конкурсах. Не так даўно дзяўчынка стала абсалютнай пераможцай трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Гэта дало падставу ўключыць таленавітую гімназістку ў абласную каманду Гомельшчыны, якая ў сакавіку адправіцца абараняць гонар вобласці на заключным этапе інтэлектуальнага спаборніцтва.

Дамініка з Таццянай Сяргееўнай не сталі рабіць перапынак у занятках і з энтузіазмам зноў прыняліся за такую добра вядомую ім справу – плённа рыхтавацца, вывучаць мову і літаратуру. Больш таго, Дамініка была запрошана на спецыяльныя зборы, дзе з ёй і астатнімі ўдзельнікамі алімпіяды займаліся трэнеры абласной каманды, выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны і лепшыя настаўнікі.

Нагадаем, што Дамініка – вучаніца 8 класа, а ўдзельнічае ў алімпіядзе для дзевяцікласнікаў. І вось дзяўчынка разам з іншымі старшакласнікамі кожны дзень на працягу двух тыдняў хадзіла на заняткі, як студэнтка, а не школьніца. Менавіта так, кажа гімназістка, паколькі матэрыял выходзіў за рамкі школьнай праграмы. Было цяжка ўспрымаць новую інфармацыю, але цікава, дапаўняе Дамініка.
Як раз у апошні дзень збораў у Гомелі прайшоў абласны лінгвістычны конкурс «Ведай родную мову». Дамініка зноў бліскуча пацвердзіла свае веды. Яна атрымала Дыплом ІІ ступені. Паўдзельнічаць у гэтым складаным лінгвістычным конкурсе могуць не ўсе жадаючыя. На яго запрашаюць пераможцаў трэцяга этапа абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. І праводзіцца ён з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў, выяўлення здольных, лінгвістычна адораных дзяцей.

У першым туры ўдзельнікі конкурсу выконвалі лінгвістычную комплексную работу, якая змяшчала заданні алімпіяднага ўзроўню. У другім туры навучэнцы пісалі сачыненне-мініацюру па адной з 2-х прапанаваных тэм. Дамініка вырашыла раскрыць сэнс радкоў з верша Міколы Мятліцкага «Кніга». Яны гучалі так: «Шчыра гаворыць са мною мужная кніга ваенная».

Дамініка выдатна справілася з усімі заданнямі і паехала дадому з добрым настроем. Навіна аб тым, што яна атрымала Дыплом, заспела яе і настаўніцу ў дарозе. Дарэчы, Таццяна Сяргееўна таксама прымала ўдзел у конкурсе, але як член журы. Яна правярала работы адзінаццацікласнікаў.

– Канечне, прыемна бачыць вынік напружанай працы, разумець, што штодзённыя заняткі не прайшлі проста так. Я вярталася са збораў у добрым настроі. А калі толькі ехала ў Гомель, то хвалявалася. Думала, што буду самай маленькай і мне будзе цяжка. Але два тыдні ў абласным цэнтры праляцелі хутка. Я пазнаёмілася і пасябравала з іншымі дзяўчатамі, атрымала новыя веды і цікавы вопыт. І яшчэ і Дыплом у дадатак! – дзеліцца ўражаннямі Дамініка. А Таццяна Сяргееўна дадае, што Год якасці для яе вучаніцы пачаўся вельмі добра. Упэўнены, што чарга перамог Дамінікі і яе настаўніцы працягнецца і далей.

Ірына ЛЯШКОВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *