Гарачым летнім часам дзяржаўныя СМІ шмат пішуць аб жніве, намалотах, ураджаі. Па тэлевізары выходзяць штодзённыя перадачы аб ходзе ўборачнай і пра камбайнёраў-тысячнікаў. Але што ў рэчаіснасці мы ведаем аб працаўніках палёў, або, як з савецкіх часоў іх прынята называць, хлебаробах?
Каб даведацца больш пра прафесію камбайнёра, вырашыла паехаць туды, дзе віруе жыццё людзей, аднойчы звязаўшых лёс з зямлёй і хлебам.
Цэнтрам сельгаспадаркі адкрытага акцыянернага таварыства “Ламавічы” з’яўляецца аграгарадок пад аднаіменнай назвай. Гаспадарка мае 4682 гектара сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 3135 – раллі. Асноўнымі вытворчымі спецыялізацыямі з,яўляюцца вырошчванне збожжавых і зернебабовых, бульбы (харчовай і элітнага насення), кармавых і тэхнічных культур, вытворчасць малака і мяса. Іменна там, недалёка ад поля, я сустрэлася з камбайнёрам, механізатарам Перагудам Мікалаем Аляксандравічам.
Мікалай Аляксандравіч мясцовы, родам з Ламавіч. Скончыў школу, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і зразумёў, што руль стане штурвалам яго жыцця. Пасля арміі сустрэў сваё каханне, пажаніліся, у іх нарадзіліся дзеці. У 1982 годзе вырашыў стаць менавіта механізатарам, працаваць на зямлі. З таго часу жыве ў Гаці.
Працоўны дзень у ААТ “Ламавічы” у перыяд жніва пачынаецца, як і ў любой сельскай гаспадарцы, на досвітку. Спачатку трэба падрыхтаваць сам камбайн: вычысціць, вымыць, дзе трэба – падкруціць, падправіць, а часам і “пагладзіць”, як кажа Мікалай Аляксандравіч, каб лепш працаваў. Потым на поле, непасрэдна на ўборку збажыны, везці зерне на чыстку, сушку, каб не страціла каштоўных якасцей. Дадому вяртаюцца камбайнёры пасля заходу сонца. Бывае, што і ноччу.
– Мы вельмі любім сваю работу, таму працуем у поўную сілу, – гаворыць Мікалай Аляксандравіч і дадае: -У нас зараз на жніве 5 камбайнаў. Плануем сабраць пад тры з паловай тысячы тон збожжа. Думаю, у нас атрымаецца. Але не ўсё залежыць ад людзей. Надвор’е зараз не самае лепшае: альбо вельмі суха, ці, наадварот, дажджліва.
Мікалай Аляксандравіч гаворыць, што праца ў яго ёсць заўсёды. Камбайнёр – прафесія сезонная, таму ў астатні перыяд года ён дапамагае гаспадарцы, як механізатар. Асноўнымі яго абавязкамі з,яўляюцца ўсе работы, якія праходзяць у гаспадарцы, пачынаючы ад ворыва і заканчваючы ўборкай ураджаю і падрыхтоўкай глебы да сяўбы азімых. Механізатар павінен ведаць асаблівасці сучасных агрэгатаў і ўласцівасці вырошчвання тых альбо іншых відаў сельскагаспадарчых культур. Вось такая нялёгкая праца.
На пытанне: “Было такое, што не атрымлівалася сабраць тую колькасць збожжа, як задумвалася? ” Мікалай Аляксандравіч адказаў: “Мы стараемся не дапускаць такіх выпадкаў, але калі хочацца большых паказчыкаў, дапамагаем іншым гаспадаркам раёна. Бо ў нас так: дзень змарнаваў, замарудзіўся – ураджай страціў”.
За размовай я даведалася, што працаваць на камбайне Мікалаю Аляксандравічу дапамагае яго сын. Кожнае лета ён на асноўнай працы бярэ адпачынак, каб прыехаць да бацькі. Сям’я ў Перагуда Мікалая Аляксандравіча дружная: любімая жонка, чацвёра дзяцей, шасцёра ўнукаў. Таму яно і не дзіўна, што сын заўсёды побач, калі патрэбна дапамога.
Для Мікалая Аляксандравіча самае галоўнае ў жыцці – гэта мір на зямлі.
— Люблю сваю сям›ю, месца, дзе жыву. Гэта ўсё роднае. Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Хочацца, каб у вёсцы не замірала жыццё. Калі людзі скардзяцца, што ў нашай краіне штосьці не так, не трэба вінаваціць уладу. Вінаватыя мы самі. Трэба старацца кожнаму на сваім працоўным месцы, каб наша краіна стала лепшай, каб мы мелі добры заробак. Я ведаю, калі намалачу больш зерня, больш і зараблю. І так паўсюдна.
На жаль, заставацца ў вёсцы хочацца не многім. Сярэдні ўзрост работнікаў гаспадаркі складае 40-45 гадоў. Востра адчуваецца недахоп людзей. Моладзь, напрыклад, шукае сабе больш лёгкі і хуткі заробак. У той жа час ў перыяд жніва прафесія камбайнёра прэстыжная, высокааплатная.
-Узнікае, на маю думку, наступная праблема: калі наша пакаленне пойдзе на заслужаны адпачынак, то хто будзе вырошчваць хлеб? Раней не было такіх умоў для жыцця, як зараз. Мы працавалі на карысць дзяржавы і не думалі пра асабісты дабрабыт. Працавалі талакой. А зараз добра жыць, але жах бярэ, калі падумаеш, што нас проста няма каму замяніць, ці мала хто захоча. Наўрад ці “айцішнік” выйдзе на камбайне ў поле…
Такімі думкамі падзяліўся мой суразмоўца. Здавалася б, што пасля цяжкай працы хаця б дома Мікалай Аляксандравіч зможа адпачыць: сесці ля тэлевізара, пагрэцца на сонейку, але гэта не так. У яго з жонкай вялікая гаспадарка, агарод. За ўсім трэба глядзець, пра ўсё клапаціцца.
-Не ўяўляю сваё жыццё без працы рукамі. Гэта ў мяне ў крыві.
Пасля такіх слоў разумееш, што ў такой прафесіі, як камбайнёр, застаюцца працаздольныя, дысцыплінаваныя, адказныя, пунктуальныя і акуратныя людзі. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што Мікалай Аляксандравіч выбраў сабе прафесію правільна, адпаведна характару. Жадаю поспехаў у яго нялёгкай працы і новых вучняў майстру-камбайнёру на хлебаробнай ніве!
P.S. На чацвер камбайнёрамі гаспадаркі было намалочана 300 тон збожжа з ураджайнасцю 22 цэнтнера з гектара. І да гэтага намалоту прыклаў руку герой сённяшняй публікацыі.
Дар’я Шлапакова,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.