Дзяржаўная служба занятасці выставіла на сваім інфармацыйным партале вакансію з рэкордным заробкам — 27 800 рублёў на месяц, або 15 тысяч долараў у эквіваленце.
Як паведамляе БЕЛТА, гаворка ідзе пра пасаду намесніка дырэктара прыватнай кампаніі. Ён павінен мець не менш як двухгадовы досвед працы менеджэрам у замежных кампаніях, валодаць англійскай і іўрытам на высокім узроўні, а таксама мець досвед працы ў распрацоўцы праграмнага забеспячэння.
Яшчэ адна вакансія з высокім заробкам у Мінску — гэта пасада дырэктара прадпрыемства, перадае Еўрарадыё, таксама ў сферы IT. Тут патрабуюць 10-гадовы досвед кіравання такой кампаніяй, а таксама вольнае валоданне англійскай і галандскай мовай. Абяцаюць плаціць 21 318 тысяч рублёў на месяц.
Яшчэ сем вакансіяў з заробкам болей за 10 тысяч рублёў — гэта пасады топ-менеджэраў, кіраўнікоў і бухгалтараў у прыватныя кампаніі.
Усяго ў Беларусі 1,7% вакансіяў з узроўнем заробкаў болей за 1065 рублёў на месяц. Прычым у Гомельскай вобласці іх 4,3% ад агульнай колькасці за кошт прапановаў для будаўнікоў працаваць вахтавым метадам. Меней за ўсё такіх вакансіяў у Брэсцкай вобласці — толькі 0,1%.
Часцей за ўсё ў Беларусі прапануюць працу з заробкам ад 266 да 365 рублёў — 31,2% вакансіяў.
Фота з архіву