Каштоўнасці, якія садзейнічаюць духоўнаму развіццю

Главное Культура


У Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці падрыхтавалі выставу-прэзентацыю нематэрыяльных культурных каштоўнасцей «Жывая спадчына Гомельшчыны».


Выставачны праект прызнаны лепшым па выніках правядзення ў 2021 годзе рэспубліканскага конкурсу культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі. Сярод 13 нематэрыяльных праяў творчасці чалавека — каляндарныя абрады, сакральныя традыцыі, песенныя стылі, традыцыі рамёстваў і промыслаў. Сярод экспанатаў ёсць і прадметы, выкананыя майстрамі Акцябрскага раённага дома рамёстваў.
Як расказала дырэктар гэтай установы Таццяна Халадок, на выставе прадстаўлены вырабы з саломы.


— Зараз саломапляценне ў нашым доме рамёстваў аднаўляюць два майстры – Ірына Дабранская і Антаніна Кругаль. Дарэчы, саломапляценне, як від мастацтва уваходзіць у спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Гомельскай вобласці. Фотаздымкі вырабаў з саломы, а таксама партрэты нашых майстроў, і некаторыя прадметы з саломы былі прадстаўлены на выставе-прэзентацыі ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці, а 11 лютага яны будуць экспанавацца ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Выстава прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы.
Майстры Акцябрскага дома рамёстваў упэўнены, што праз далучэнне насельніцтва, асабліва дзяцей і моладзі, да абрадаў і звычаяў малой радзімы, павагу да традыцый мінулага, пашану да продкаў выстава-прэзентацыя садзейнічае фарміраванню цікавасці да гісторыі роду, малой радзімы, народнай спадчыны, усведамленню пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, выхаванню патрыятызму, агульнаму культурнаму і духоўнаму развіццю.

— Вельмі прыемна, што саломапляценнем цікавіцца не толькі старэйшае пакаленне, але і моладзь. Я ведаю, што ў нашым раёне ёсць працягвальнікі традыцый саломапляцення. І гэта цудоўна, паколькі праца з саломай не толькі натхняе, дорыць асалоду і добрыя пачуцці, але і дапамагае захоўваць нашу традыцыйную культуру, — падкрэсліла дырэктар дома рамёстваў.
Ірына ЛЯШКОВА.
Фота Наталлі ЕВЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *