26 жніўня я прыехала да сваёй маці ў вёску Пратасы, дзе нарадзілася, дзе прайшло маё шчаслівае дзяцінства. Сядзіба матулі знаходзіцца побач з сельскім домам народнай творчасці, каля якога ўжо з самай раніцы завіхаліся работнікі гэтай установы культуры. Яны займаліся афармленнем сцэнічнай пляцоўкі і прыклубнай тэрыторыі, дзе былі зроблены імправізаваныя падворкі з гаспадарамі – забаўным дзедам і бабуляй. А потым на ўсё наваколле загучала музыка з народнымі найгрышамі, запрашаючы на Дзень вёскі. Мы адклалі свае справы і пайшлі на свята ўсёй сям’ёй.
Спачатку выступіла старшыня Пратасаўскага сельвыканкама Людміла Вежнавец, якая павіншавала землякоў са святам і падаравала песню.
Як вядома, па беларускаму звычаю гасцей заўсёды сустракаюць хлебам-соллю. Не адышлі ад гэтай традыцыі і арганізатары мерапрыемства – для ўсіх быў вынесены вялікі, прыгожы, смачны каравай.
Свае прыгожыя песні падараваў жыхарам і гасцям вёскі і вакальны калектыў “Вербніца” Парэцкага цэнтра дасуга. Са срэбраным вяселлем віншаванні прымалі Ганна Эдуардаўна і Валерый Міхайлавіч Лазанюк, жамчужным – сям’я Любові Мікалаеўны і Максіма Фёдаравіча Акуліч. Быў названы самы старэйшы жыхар вёскі – паважаны Канстанцін Сцяпанавіч Лешанок, самыя малодшыя – Даша Папруга і Ганна Папруга, якія атрымалі падарункі, кветкі і музычныя прывітанні. Таксама без падарунка не застаўся і Аляксей Папруга, які ў гэтым годзе пайшоў у першы клас.
А на сцэнічнай пляцоўцы час ад часу змяняліся артысты. Госці, а таксама ўдзельнікі вакальнага калектыву “Купалінка” Пратасаўскага СДНТ і салісты Васіль Нагорны, Валянціна Вяршкова, Васіль Круг, Святлана Катлярова дарылі свае песні людзям.
Потым вядучая Вера Сілівончык запрасіла на сцэну юбіляраў, якія ў гэтым годзе адзначаюць дні нараджэння, і павіншавала іх. Так, нават у калектыве “Купалінка” былі дзве імянінніцы – Валянціна Патапенка і Валянціна Вяршкова.
Асабліва мне было прыемна, калі запрасілі на сцэну маю матулю Галіну Іванаўну Лагун, каб павіншаваць яе з юбілеем. Шмат добрых слоў было сказана і ў адрас працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
Вялікі дзякуй хочацца сказаць арганізатарам гэтага мерапрыемства, а таксама спонсару – выконваючаму абавязкі дырэктара ААТ “Маісееўка”Андрэю Гарагляду. А ўсім сваім аднавяскоўцам хачу пажадаць моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, мірнага неба, душыстага хлеба, радніковай вады і ніякай бяды.
Вольга Лагун, былая жыхарка в. Пратасы.