Мой родны кут (сумесны праект Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна і рэдакцыі газеты “Чырвоны Кастрычнік”, прысвечаны Году малой радзімы)

Общество

Вандроўка першая. Парэчча.

Населеных пунктаў з такой назвай даволі шмат на Беларусі. Тлумачэнне простае: наша краіна, якая спрадвечна шчодра адорана воднымі рэсурсамі, мае густую рачную сетку. Толькі ўявіце: па тэрыторыі рэспублікі працякае звыш за 20 тысяч рэк і рачулак рознай велічыні і працягласці, не кажучы ўжо пра азёры – сапраўдныя жамчужыны беларускай зямлі. Дык вось, тыя паселішчы, якія месціліся ля пэўнай ракі, “па рацэ”, “па рэчцы”, атрымлівалі і адпаведную назву. Такая і замацавалася за адным з самых старажытных, таямнічых і багатых на гістарычныя падзеі населеным пунктам нашага раёна – вёскай, а з нядаўняга часу і аграгарадком Парэчча.

З яго галоўнай прыроднай адметнасці – ракі Пціч мы і пачнем наш расказ аб гэтым маляўнічым кутку, які стаў малой радзімай для многіх і многіх землякоў, хто тут нарадзіўся, вырас і пайшоў адсюль у самастойнае жыццё, застаючыся, тым не менш, нязменным патрыётам сваіх родных мясцін. І лагічным будзе прадаставіць першае слова ўраджэнцу Парэчча і яго Ганароваму грамадзяніну, франтавому карэспандэнту ў гады Вялікай Айчыннай, настаўніку, пісьменніку, журналісту Юрыю Абрамавічу Левіну, які ў пасляваенны час жыў ва ўральскай сталіцы Свярдлоўску (Екацерынбургу). Вось што ён узгадвае ў сваёй дакументальнай аповесці “Мое Поречье”:

“Местом своего рождения выбрал я белорусское село Поречье. Не пытайтесь найти его на карте – не найдете. Мое Поречье – всего лишь село, а селам на картах, где даже города теснятся, места нет. Глушь да тишь. А Поречье потому, что в речку смотрится да собой любуется. И река та Птичью зовется. Правда, имя красивое – Птичь?! А вода в ней голубовато-белесая, прозрачна, как слеза младенца. Пил я ее многократно и оттого здоровья набирался. Луговое разнотравье вдоль берега Птичи тоже приятственно воздействовало на мой младенческий организм. Птичь, выгибаясь дугой, совершает поворот на восток, затем возвращается на запад и снова опускается на юг. В этом самом месте, можно сказать, в изгибе реки и примостилось мое село. Здесь Птичь намного шире, чем у истока, это уже ближе к низовью.

Умные люди, видно, были те, кто в стародавние времена выбрали именно это место для своего поселения. Рядом – смолистый сосняк с обилием грибов в летнюю пору. Что и говорить, благодатный белорусский уголок. Правда, я бы не сказал, что земля здесь очень плодородная, но трудолюбивые руки поречан из года в год вершат чудо: зреют великолепная рожь и пшеница, ячмень и гречиха, лен и просо и, конечно же, прославленная бульба”.

Гэта што датычыць геаграфічнага становішча ўнікальнага палескага кутка з разнастайнай прыродай. Разам з тым, гістарычнае мінулае Парэчча лічыцца не менш багатым і таксама заслугоўвае вялікай увагі і выклікае цікавасць не толькі ў краязнаўцаў. Тут ёсць чым ганарыцца. З гістарычных крыніц вядома, што першыя пасяленні людзей з’явіліся на гэтым месцы яшчэ ў эпоху каменнага веку. Аб гэтым сведчаць матэрыялы кнігі А. Побаля “Археалагічныя помнікі Беларусі”, згодна з якімі ў ваколіцах Парэчча ў выніку раскопак былі выяўлены сляды стаянак каменнага, жалезнага і бронзавага вякоў, на што паказалі знойдзеныя прадметы тагачаснага ўжытку. Прыкладна ў VII стагоддзі да нашай эры на месцы сучаснага Парэчча размяшчаліся ўмацаваныя пасяленні – гарадзішчы. Людзі тады жылі патрыярхальнымі абшчынамі.

Аб гісторыі часоў феадалізму непасрэдна на гэтай тэрыторыі маюцца вельмі скупыя звесткі. Вядома толькі, што тутэйшае паселішча прыкладна ў першай палове ХІV стагоддзя ўвайшло ў склад  Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойціцкага.

Першы пісьмовы ўспамін непасрэдна аб фальварку Парэчча прыходзіцца на сярэдзіну ХVI стагоддзя. У 1683 годзе Парэчча – цэнтр воласці, у якой налічвалася 292 сялянскія і 22 баярскія дымы. Воласць уваходзіла ў склад Наваградскага ваяводства. Паводле інвентару 1748 года, Парэчча – буйнае ўладанне князёў Радзівілаў. У другой палове ХVIII стагоддзя гэта сяло становіцца цэнтрам шляхецкага ўладання Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Парэчча ўваходзіць у склад Бабруйскага павета Мінскай губерні і знаходзіцца ва ўладанні генерал-маёра В. К. Вішчынскага. У 1795 годзе ў вёсцы было звыш за 80 дымоў, у якіх пражывала 288 асоб мужчынскага полу і 251 – жаночага. Акрамя іх, у Парэччы пражывала 9 шляхціцаў і сям’я ўніяцкага святара.

Пазней маёнтак Парэчча быў падзелены і па стану на 1844 г. належаў, акрамя Вішчынскага, Адаму Быкоўскаму, нашчадкам Каспера Клецкага, Аляксандру Венславовічу, Дабравольскаму, Міхаілу Струміле, Гіпаліту, адстаўному капітану, і яго сыну Фадзею Валодзькам (апошні, дарэчы, удзельнік паўстання 1863 года). У далейшым часткамі маёнтка валодалі розныя асобы розных саслоўяў.

У пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы над Пціччу налічвалася каля 200 сялянскіх гаспадарак. Яны дзяліліся наступным чынам: “Парэчча-І” – 80 гаспадарак, “Парэчча-ІІ” – 70, “Засценак” – 18, “Адольфіна” – 20 гаспадарак. Сельскім старастам лічыўся тады Рыгор Касцюкевіч. Вялікімі “славутасцямі” па тым часе вёска не вызначалася, аднак і назваць Парэчча глухім кутком было нельга: тут дзейнічала (з  1870 года) Багародзіцкая царква, працавалі карчма і царкоўна-прыхадская школа. Яна была адкрыта ў 1861 годзе, нават раней, чым у Рудабелцы, дзе вучыліся дзеці сялян, якія толькі-толькі выйшлі з прыгоннай залежнасці. Першых вучняў налічвалася ўсяго пяцёра – тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Настаўнікамі ў школе працавалі Бабіч і Русакоў. Ніякай медыцынскай установы ў такой даволі вялікай вёсцы не было – атрымаць урачэбную дапамогу парачане маглі сама бліжэй у Карпілаўцы ці Забалацці.

Наогул, жыццё ў Парэччы стала горшым, калі пачалася Першая сусветная вайна. Многіх мужчын забралі на аўстрыйска-германскі фронт, адкуль дадому вярнуліся далёка не ўсе. У такім стане і сустрэла вёска звесткі аб абедзвюх рэвалюцыях 1917 года.

Аб значэнні  рэвалюцыйнага руху для парачан трэба сказаць асобна. Гэтыя свабодалюбівыя палешукі паказвалі свой вольны і бунтарскі характар яшчэ раней. Гэта праяўлялася падчас хваляванняў мясцовых сялян у сувязі з іх прыцясненнямі з боку памешчыкаў больш жорсткімі падаткамі,  абмежаваннямі і, вядома ж, малазямеллем у 60-х гадах ХІХ стагоддзя. А тут рэвалюцыйная падзеі, ад якіх не засталіся ў баку найбольш свядомыя парачане. Ужо ў лістападзе 1917 года ў вёсцы з групы беднякоў быў створаны першы Савет – орган сялянскай улады. Узначаліў яго Спірыдон Пятровіч Лошч. Вясной наступнага года ў Парэччы стаў дзейнічаць ужо камітэт беднаты, які ўзначаліў былы царскі афіцэр Андрэй Сцяпанавіч Пуцята. Камбед займаўся раздзелам панскай і царкоўнай зямлі. А калі белапалякі акупіравалі Рудабельшчыну, многія камбедаўцы з Парэчча сталі байцамі партызанскага атрада “Чырвоны Кастрычнік”, які дзейнічаў на тэрыторыі воласці. Шмат слаўных баявых спраў у барацьбе з акупантамі было на рахунку сапраўдных герояў Грамадзянскай вайны з ліку парачан – Андрэя Пуцяты, Міканора Адзінца, Майсея Пуцяты, Лукі Мішура, Рыгора Чугайлы і іншых. Партызаны здзейснілі шэраг смелых аперацый супраць ворага. Летам 1920 года яны разам з батальёнам Чырвонай Арміі вызвалілі Парэчча, дзе аднавілася Савецкая ўлада.

20 жніўня 1924 года Парэцкі сельскі Савет увайшоў у склад Глускага раёна  Бабруйскай акругі і знаходзіўся там да чэрвеня 1939-га, пакуль не далучыўся да створанага тады Акцябрскага раёна. Канец 20-х – пачатак 30-х гг. адзначаўся станаўленнем калгаснага ладу жыцця і ў гэтай мясцовасці. У 1929 годзе ў засценку Парэчча ўтварыўся калгас  “Полымя рэвалюцыі”, а першым старшынёй абралі Паўла Вялічку. Калгаснае будаўніцтва ішло з вялікімі цяжкасцямі, у тым ліку з праследаваннем і збіццём сельскіх актывістаў праціўнікамі перамен, і наадварот, з неапраўданымі рэпрэсіямі супраць тых вяскоўцаў, хто жыў больш-менш заможна.

Асобная старанка навейшай гісторыі Парэчча – Вялікая Айчынная вайна. Час мірнай і стваральнай працы быў спынены нападам на нашу краіну фашысцкай Германіі. Але парачане не пакарыліся ворагу, усе як адзін падняліся на абарону свёй зямлі. Многія мужчыны ўліліся ў рады Чырвонай Арміі, хто не паспеў, пайшоў у лес. Неўзабаве быў створаны і партызанскі атрад імя Суворава, у склад якога ўвайшлі ў асноўным жыхары Парэчча. Спачатку на чале атрада стаў Рыгор Касцюкевіч, а потым яго замяніў Макар Бумажкоў. Паблізу ад  вёскі нават дзейнічаў партызанскі аэрадром, куды рэгулярна прыляталі самалёты з Вялікай зямлі і адпраўляліся назад, Народныя мсціўцы атрымлівалі адсюль зброю, боепрыпасы, медыкаменты і многае іншае. Толькі два разы змаглі прарвацца гітлераўскія захопнікі праз партызанскі кардон у раён, у тым ліку – і ў Парэчча. Але колькі страт і гора яны прынеслі людзям!  У агульнай колькасці вайна забрала 570 жыхароў вёскі Парэчча – загінуўшых на франтах і ў партызанскай барацьбе, спаленых жывымі, забітых і закатаваных. Канчатковае вызваленне прыйшло 28 чэрвеня 1944 года, калі Парэчча занялі савецкія войскі 28-й арміі  пад камандаваннем генерала арміі А. А. Лучынскага, чаму папярэднічаў легендарны Мёдухаўскі бой. Можна сказаць, што адразу і пачалося  аднаўленне разбуранай ворагам народнай гаспадаркі. Парэчча ўступала ў новы этап сваёй гісторыі…

Любоў Шэйка, навуковы супрацоўнік ДУК «Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раера», Юрый Каспяровіч.   

(Працяг у наступным нумары).    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *