Музыкі з Брачына

Важное Культура Общество

Фальклорны ансамбль інструментальнай музыкі «Брачынскія музыкі» ў снежні 2022 года паспяхова прыняў удзел у абласным конкурсе фальклорных калектываў «Шануйце спадчыну сваю». З шасці жанравых намінацый, прадстаўленых арганізатарамі, акцябрскі калектыў прыняў удзел у чатырох. У выніку «Брачынскія музыкі» узнагароджаны Дыпломам І ступені ў намінацыі «Харэаграфічная творчасць».

Як расказала мастацкі кіраўнік калектыву Вольга Дульская, уклад у перамогу зрабілі і гарманісты, якія акампаніравалі на гармоніках, і дзяўчаты, якія танчылі і спявалі «Базар» і «Лысы». У Івана Гарыфуліна, Івана Такмакова, Мікіты Сухога, Анастасіі Яфрэмавай, Дар’і Ільенка, Вікторыі Адзінец і іншых удзельнікаў калектыва атрымалася так захапіць членаў журы і гледачоў, што яны доўга не адпускалі артыстаў са сцэны. «Брачынскія музыкі» сваім выступленнем сапраўды змаглі стварыць атмасферу лёгкасці і душэўнасці.

Нагадаем, што «Брачынскія музыкі» – ансамбль народнай музыкі, які быў створаны ў 1995 годзе на базе сярэдняй школы №3 Вольгай Дульскай. А назву ансамбль атрымаў ад урочышча Брачын, што знаходзіцца паблізу ад школы. Гэта месца вядома кожнаму жыхару нашага гарпасёлка, раней тут праводзіліся народныя гулянні. Аснову ансамбля складаюць юнакі і дзяўчаты сярэдніх і старэйшых класаў. Спачатку ў «Брачынскіх музыках» былі адны хлопцы.

– Дзеці настолькі захапіліся гульнёй на гармоніках, што захацелася пашырыць кола сваёй творчасці, – успамінае Вольга Гаўрылаўна. – Мы паехалі ў вандроўкі ў суседнія вёскі. Да нас далучыліся дзяўчаты, якія добра спявалі. Мы наладзілі сустрэчы з носьбітамі, а яны, у сваю чаргу, перадалі нам старадаўнія найгрышы і мясцовыя песні. У першыя гады існавання вялікую дапамогу нам аказалі С. Д. Селіванаў, А. Ф. Куляй, В. Д. Верас, А. І. Яфрэмава (на жаль, яны пайшлі ўжо з жыцця). На сённяшні дзень уся праца ансамбля накіравана на засваенне фальклорных традыцый і твораў Акцябршчыны: найгрышаў, песень, народный прозы, танцаў.

Зараз «Брачынскія музыкі» з’яўляюцца акампануючай групай узорнага фальклорнага ансамбля «Рудабельскія зорачкі». А на базе калектыву ў гімназіі працуе малодшая ўзроставая група «Брачынскія валачобнікі». Хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць заняткі з вялікай цікавасцю. Гэта Павел Залатароў, Кірыл Шаплыка, Цімафей Адзінец, браты Ягор і Цімур Ляшковы, Арына Папроцкая, Вольга Петух, Марыяна Гарбатоўская, Анастасія Майсяйчук і іншыя рабяты. Сёння калектыў налічвае 25 удзельнікаў.

«Брачынскія музыкі» актыўна ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах, раённых святах, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і мерапрыемствах. Такіх, як ІV Рэспубліканскі фестываль народнага танца «Беларуская полька», ІІ Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», рэспубліканскія «Дажынкі» ў горадзе Жлобіне. Калектыў неаднаразова з’яўляўся дыпламантам рэспубліканскага фестываля фальклорнага мастацтва «Берагіня», абласнога конкурса «Шануйце спадчыну сваю».

– Прыемна тое, што жаданне іграць на гармоніку, любоў да роднай песні, танцаў у рабят не знікае. Кожны год ансамбль папаўняецца новымі ўдзельнікамі. А гэта значыць, што беларуская самабытная культура будзе захоўвацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне, – падкрэслівае Вольга Гаўрылаўна.

А «Брачынскія музыкі» і «Рудабельскія зорачкі» працягваюць рэпетыцыі і вялікую канцэртную дзейнасць. Выступленні ансамбляў вельмі добра ўспрымаюць гледачы. Іх удзячныя апладысменты – лепшая адзнака ўдзельнікам калектываў і іх мастацкім кіраўнікам.

Ксенія ЛЯШКОВА,
вучаніца 11 класа
Акцябрскай раённай гімназіі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *