Сваю малую радзіму, вёску Кавалі, Наталля Цімафееўна Кавалевіч не забыла нават праз дзесяцігоддзі, пражыўшы большую частку жыцця амаль што на краі свету – на далёкай халоднай Поўначы.
З Наталляй Цімафееўнай мне пашчасціла пазнаёміцца выпадкова. Канешне, ёсць людзі, у якіх жыццёвая гісторыя насычана разнастайнымі момантамі, але пра кожнага можна расказваць нешта сваё, адметнае. Пры першай жа сустрэчы з гэтай жанчынай адзначаю яе сялянскую мудрасць і даведваюся шмат цікавых дэталяў з яе біяграфіі.Наталля Цімафееўна – жанчына з цікавым лёсам, моцным характарам і багатымі ведамі. Сялянка-інтэлігентка. Шмат дзе пабывала і не менш чаго бачыла. Таму яе аповед пра ўласны лёс, жыццёвы і працоўны шлях можно слухаць бясконца. Цікава было ведаць, як жыло пасляваеннае пакаленне з савецкімі ідэаламі і патрыятычным выхаваннем. Не менш цікава было слухаць, як наша зямлячка Наталля Кавалевіч распавядала пра сваю маладосць, калі ў самыя найлепшыя юнацкія годы прыйшлося амаль што на паўжыцця адарвацца ад роднага куточка.
Зараз Наталля Цімафееўна спынілася ў бацькоўскай хаце, дзе прайшло дзяцінства. Жанчына ажывае, калі ўспамінае пра вёску.
Раней у Кавалях пад гарэзлівы гармонік і нястомны бубен гуло сяло. Тут жа моладзь збіралася са ўсёй акругі. Мнагалюдна было. У кожнай хаце па пяць-восем дзяцей выхоўвалася. Сям’я Наталлі Цімафееўны таксама шматдзетная, у якой гадавалася шасцёра дачок і сыноў. Наталля была апошняй. У святочныя дні было цесна, калі збіраліся ўсёй сям’ёй за адным сталом. Усміхаецца жанчына, нават, калі на душы сумотна ад даўніх успамінаў. Яны самыя светлыя і прыемныя.
Радасныя засталіся ў памяці ўспаміны і аб інстытуце. Яны ў Наталллі Цімафееўны звязаны з адной з самых важных жыццёвых падзей — сустрэчай з яе будучым мужам, аднакурснікам, гамяльчанінам Уладзімірам. Хлопец потым стаў яе спадарожнікам. Наперадзе іх чакала доўгае жыццё ў Паўднёвай Якуціі.
Дарога ў дарослы свет не была лёгкай для Наталлі Кавалевіч. У 1974 годзе яна паехала з роднай вёскі. Пасля школы дзяўчына падалася спасцігаць навуку ў абласны цэнтр, але кожны год цягнік імчаў яе ў край палесскі. Заўсёды хацелася прыпасці да роднай крыніцы і да матулі шчакой прытуліцца. У тым жа годзе Наталля паступіла ў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі, хаця марыла вучыцца ў інстытуце замежных моў. На здзіўленне ўсім, складаную мужчынскую прафесію па тым часе абрала для сябе вясковая дзяўчына. Стаць інжынерам па эксплуатацыі чыгункі было ня проста, але вельмі прэстыжна. Наталля тады аб сваёй спецыяльнасці зусім нічога не ведала. Пайшла ў тую навучальную ўстанову, уласна кажучы, таму, што там студэнтаў забяспечвалі пакоем у інтэрнаце. А атрымалася так, што прафесія Наталлі Цімафееўны стала для яе стымулам жыцця і дапамагла добра ўладкавацца ў ім, заслужыць павагу і аўтарытэт.
Тады што яшчэ, акрамя ўласнага куточка, патрэбна было ў чужым горадзе? Дапамогі ні ад каго не чакала. Ды і партрэт звычайнага вяскоўца ў той час быў не асоба шыкоўны – простая вопратка і сціплы абутак. Але на гэта стараліся не звяртаць увагу. Раней іншымі каштоўнасцямі жылі студэнты. На першым месцы стаяла адукацыя. Наталля Цімафееўна вучылася на павышаную стыпендыю. Была ў інстытуце актывісткай, камсамолкай, спартсменкай. Не менш актыўны быў яе выбраннік. Валодзя з’яўляўся сакратаром камітэта камсамола факульта, дзе яны вучыліся разам. У Наталлі Цімафееўны адклаўся ў памяці той момант, калі яны атрымалі размеркаванне. Прычым, прапанова была, як лепшым выпускнікам, паехаць працаваць у Мінск, а маладая пара падалася на БАМ, туды, дзе пацяжэй. Разумееце, якое было сумленнае выхаванне ў тагачаснай моладзі? Не думалі пра ўласны дабрабыт, а заставаліся патрыётамі неабсяжнага СССР.
Гады навучання ў БІІЧТу праз шмат часу закрануліся недзе там, у патаемным куточку сэрца. Нават, як і жыццё на Поўначы. Як даводзілася там жыць, можна напісаць кнігу, распавядае Наталля Цімафееўна. На чужыне, у бясконцым холадзе. Затое прысутнічаў інтэрнацыяналізм, працаздольнасць і цёплыя адносіны між людзьмі. Гэта выратоўвала ад адзіноты на чужыне і суму па роднай хаце. Шмат гадоў пражыла яна на Поўначы, але жаданне вярнуцца дадому так і не знікла. Жыла сям’я і ў Тындзе, і ў Нерунгры. Там Наталля Цімафееўна займала кіраўнічыя пасады ў сферы абслугоўвання чыгункі. Энергія і напорыстасць, адказнасць і добрасумленнасць дапамаглі звярнуць на сябе ўвагу мясцовага кіраўніцтва.
Як добры спецыяліст, Наталля Кавалевіч ўзяла не адну прыступку па кар’ернай лесвіцы. Здавалася б, што яшчэ трэба? Сям’я, кар’ера, аўтарытэт, забяспечанае матэрыяльнае становішча, але ж не. Заўсёды пяшчотным жалем душа Наталлі Цімафееўны рвалася дадому. Трэба, магчыма, было прайсці чалавеку праз столькі падзей, каб праз дзесяцігоддзі ўсё роўна вярнуцца ў Беларусь. Яе мара здзейснілася ў 2006 годзе. Зараз Наталля Цімафееўна жыве ў бацькоўскай хаце. Кветкі акружаюць дагледжаны падворак. Вялікае мноста іх тут у палісадніку, а побач акуратна дагледжаны агарод і сад, дзе растуць пладовыя кусты і яблыні.
Пастараліся, каб і ў сялянскай хаце былі ўмовы не горшыя за гарадскія. У летнюю спякоту тут адчуваецца прахалода. Тут – благадаць, якую не заменіць ніякі мегаполіс. Наша зямлячка ведае гэта, як ніхто іншы.
Наталля Цімафееўна вельмі любіць вандроўкі і падарожжы. Яна аб’ехала не толькі ўвесь Савецкі Саюз, але і пабывала ў шматлікіх замежных дзяржавах. Была ў Кітаі, Японіі, Індыі, Таіландзе, Інданэзіі, Італіі, Францыі, В’етнаме, дзе ўсюды засталіся добрыя сябры. А нядаўна вярнулася з Амерыкі. За акіянам – яе старэйшая дачка са сваёй сям’ёй. Прыемная падзея адбылася ў далёкай замежнай краіне для Наталлі Цімафееўны. Там, некалькі месяцаў назад, з’явілася на свет яе трэцяя ўнучка Аляксандра. З дня на дзень бабуля чакае ўсіх унукаў да сябе ў госці. Дарэчы, дочкі Наталлі Цімафееўны хаця нарадзіліся і выраслі ў іншай краіне, і жыць засталіся за мяжой: старэйшая Алеся – ў Амерыцы, а малодшая – Алёна ў Маскве, але кожна год яны ехалі і едуць на адпачынак у Кавалі.
Зараз ужо і іх дзеці ўлетку абавязкова гасцююць тут – у глыбінцы Палесся, дыхаюць чыстым паветрам і адпачываюць ад гарадской бясконцай кругаверці.
Наталля Цімафееўна з цеплынёю адзначае, што рада яна за іх, бо яны працягваюць гісторыю багатага на спадчыну мястэчка, дзе для нашчадкаў шаноўна захоўваецца мінулае. Тут, на Акцябрскай зямлі, у невялічкай вёсцы Кавалі, яе род пусціў добрыя і трывалыя карані. Мабыць, і прозвішча Наталлі Цімафеўны паходзіць ад назвы яе сяла, дзе сэрца кранаюць бары і дубравы, лугі і пералескі.
Прайшоўшы доўгі жыццёвы шлях, зараз ужо Наталлі Цімафееўне можна падвесці вынікі: што зрабіла правільна, а дзе памылілася. Але сялянка па натуры, і гараджанка па жыцці дасканала ведае адно, што няма лепш там, дзе нарадзіўся. Яна не шкадуе, што вярнулася на малую радзіму, куды яе заўсёды цягнула з вялікай сілай. Напэўна, большую ўзнагароду ў жыцці Наталля Кавалевіч не атрымлівала і нават не марыла атрымаць.