Парэчча – не Балканы. Аднак жа…

Общество

Наш аграгарадок Парэчча з прыгожымі навакольнымі краявідамі не вельмі часта наведваюць артысты, што прыязджаюць з-за межаў раёна. Хоць падчас такіх сустрэч нам ёсць, што паказаць, – напрыклад, новы сучасны цэнтр вольнага часу, які з’явіўся нядаўна на месцы былога дзіцячага сада. Аднак перыяд правядзення чарговага рэспубліканскага фестывалю «Берагіня» стаў прыемным выключэннем. У пятніцу, 24 чэрвеня, да нас завіталі ўдзельнікі гэтага маштабнага мерапрыемства – юныя артысты з узорнага фальклорнага ансамбля «Калыханка» Міханавіцкага дома фальклору Мінскага раёна. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыгожа пелі, майстэрскі выконвалі народныя танцы, чым і заслужылі шчырыя апладысменты мясцовых жыхароў, якія масава сабраліся ў зале Парэцкага цэнтра вольнага часу.
Назаўтра на пляцоўцы ля нашай установы культуры таксама было вельмі шматлюдна. І гэта не дзіўна. У спякотны летні дзень Парэчча наведалі ганаровыя госці рэспубліканскага фестывалю «Берагіня» з далёкага замежжа – аматары народных песень і танцаў з балканскай краіны Сербія, аб’яднаныя ў гурты «Электрапарцілан» і «Злацібор». Такіх шчырых і заліхвацкіх танцаў у іх выкананні парачанам, напэўна, не даводзілася бачыць. А як прыгожа нашы шаноўныя госці пелі! Невыпадкова, што фрагменты іх выступлення трапілі ў тэлеперадачу, якая трансліравалася пасля на канале «Беларусь 3».
Як і вяскоўцы, так і нашы госці засталіся вельмі задаволенымі ад цёплай сустрэчы ў гасцінным аграгарадку Парэчча. На памяць ад візіту ў палескую глыбінку госці з Сербіі і Мінскага раёна атрымалі сувеніры, вырабленыя рукамі мясцовых народных майстроў, і запрашэнне пабываць у нас яшчэ не аднойчы, як толькі выпадзе такая магчымасць.
В. МАТУСЕВІЧ, старшыня Парэцкага сельвыканкама

і іншыя жыхары аграгарадка Парэчча.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *