Родная мова – думак аснова

Общество

Мова – гэта народны скарб і мае вялікае зачэнне для кожнага з нас. На роднай мове мы гаворым нашы першыя словы і ясней за ўсё выказваем свае думкі. Яна з’яўляецца спосабам, з дапамогай якога можна навучыць паважаць сябе, сваю гісторыю, сваю культуру і, галоўнае, іншых людзей з усімі іх асаблівасцямі.

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтае свята яшчэ маладое. Яно вядзе сваю гісторыю з 2000 года, усталявана ЮНЕСКА з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. Пазітыўным момантам з’яўляецца тое, што такое свята павагі да роднай мовы прынята на міжнародным узроўні.

Традыцыйна ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў дзіцячым садзе №3 г. п. Акцябрскі праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Яны накіраваны на выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту паважлівых адносін да беларускай мовы і культуры, фарміраванне любові да сваёй Радзімы, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.

Калектыў дзіцячага сада падышоў з адказнасцю да падрыхтоўкі тэматычных мерапрыемстваў, таму што родная мова – гэта нацыянальнае багацце. Менавіта ў дашкольным узросце актыўна засвойваецца мова і ідзе далучэнне да вытокаў нацыянальнай культуры. Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромеючыся на ёй размаўляць.

У рамках правядзення Дня роднай мовы выхавальнікі размаўлялі з дзецьмі на беларускай мове, праводзілі беларускія народныя гульні: «Жабкі і бусел», «Вожык і мышы», «Міхасік», «Белы бусел», «Адгадай, чый галасок» і іншыя. Ва ўсіх групах дзецям чыталі калыханкі, забаўлянкі, казкі на беларускай мове. На тэматычных занятках, якія праходзілі ў сярэдніх і старэйшых групах, выхаванцы знаёміліся з новымі творамі майстроў мастацкага слова, узгадвалі свае любімыя словы па-беларуску, спрабавалі скласці самастойныя выказванні на роднай мове. Педагогі малодшых груп падрыхтавалі драматызацыі беларускіх народных казак «Курачка- Рабка»,
«Зайкава хатка», «Каза-манюка».

Таксама ва ўстанове прайшоў конкурс юных чытачоў «Родная мова –цудоўная мова», у якім прынялі ўдзел выхаванцы ўсіх груп. Дзеці вельмі прыгожа і з натхненнем чыталі вершы на роднай беларускай мове, імкнучыся перадаць усе пачуцці і прыгажосць твораў. Удзельнікі конкурсу атрымалі шмат пазітыўных эмоцый, вяселы настрой!

І як ў такой справе можна было абысціся без бацькоў! З іх дапамогай была створана выстава віншавальных паштовак «Пажаданне роднай мове», фотавыстава «Цiкавыя мясцiны роднай краiны!», прайшоў чэлендж «Казкі чытаем – мову вывучаем».

Каб звярнуць увагу бацькоў на сакавітае гучанне і спецыфічны каларыт роднай мовы прайшоў бацькоўскі сход «Родная мова – думак аснова». На мерапрыемстве педагогі абмеркавалі з бацькамі пытанні важнасці навучання дзяцей роднай мове. Бацькі з задавальненнем прымалі ўдзел у конкурсах, адгадвалі загадкі, расказвалі пра сямейныя традыцыі.

Для бацькоў была арганізавана акцыя «Любімае слова па-беларуску», падрыхтаваны інфармацыйныя лісткі, у якіх былі змешчаны практычныя парады аб тым, якія кнігі на беларускай мове можна прачытаць дзецям у вольны час. Лісткі былі аформлены ў займальнай форме, якія не патрабавалі ад бацькоў шмат часу на пошук патрэбнай інфармацыі. Ім дастаткова было толькі скарыстацца тэлефонам з праграмай для чытання QR-кодаў.

Мы спадзяемся, што мерапрыемствы, якія былі праведзены ў нашай установе, садзейнічаюць фарміраванню ў дзяцей каштоўнага стаўлення да беларускай мовы, станоўчай матывацыі да авалодання ёю.

Мы ўсе павінны берагчы беларускую мову, садзейнічаць яе росквіту і развіццю, бо родная мова – гэта душа нашага народа, памяць продкаў і вялікі нацыянальны скарб.

Аліна Шулякоўская, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада №3 г. п. Акцябрскі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *