“Рудабельскія зорачкі” – адна з візітных картак Акцябршчыны

Бацькаўшчына Важное Кліч Палесся Культура

Звыш двух дзесяцігоддзяў па-добраму здзіўляе ішчыра радуе гледачоў розных узростаў сваёй самабытнай творчасцю ўзорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі” Акцябрскага цэнтра вольнага часу.

Гэты дзіцячы калектыў створаны на базе тагачаснай сярэдняй школы №3 нашага гарпасёлка (зараз – раённая гімназія). Спачатку гэта было невялікае аб’яднанне аматараў народнай творчасці, якім кіравала настаўніца пачатковых класаў Тамара Сяргееўна Круглова. На яго пасяджэнні запрашаліся жыхары раёна, якія добра ведалі мастацкія традыцыі свайго краю. Частымі гасцямі ў школьнікаў былі Аляксандра Іванаўна Яфрэмава з Новай Дубровы, Варвара Данілаўна Верас з Граб’я, акцябрычанка Антаніна Іванаўна Дырда і іншыя. Яны нетолькі расказвалі пра колішнія абрады, народныя звычаі, але і развучвалі здзецьмі самабытныя танцы і песні, дапамагалі ствараць касцюмы для выступленняў на падставе этнаграфічных узораў. Тады, у сярэдзіне 90-х, у трэцяй гарпасялковай школе ўтварыўся кабінет фальклору, пачалі працаваць гурткі народнай творчасці, ладзіліся вячоркі, дзе ў цэнтры ўвагі заўсёды знаходзіўся дзіцячы калектыў.

“Рудабельскія зорачкі,” як самастойны ансамбль, склаўся амаль адначасова з імпрэзамі першага фестывалю фальклорнага мастацтва“Берагіня” ў Акцябрскім раёне. Адбылося гэта ў 1998 годзе. Мастацкім кіраўніком калектыву стала Вольга Дульская, а музычным – яе родны брат Дзмітрый Бяжкоў. І дзякуючы гэтаму надзвычай таленавітаму творчаму дуэту “Рудабельскія зорачкі” і сёлета ўпэўнена знаходзяцца ў цэнтры культурнага жыцця раёна і за яго межамі.

У аснове дзейнасці  ансамбля, які з 2005 года носіць званне “узорны мастацкі калектыў”, –  вялікая краязнаўчая работа, сустрэчы з носьбітамі падчас вандровак, у якіх гурткоўцы пераймаюць рэгіянальныя аўтэнтычныя песні “з голасу”, танцы – “з нагі”, музыку – “на слых”. У фальклорных экспедыцыях дзеці таксама вывучаюць абрады, танцавальны этыкет, касцюмы. Пасля такіх вандровак у праграме ансамбля з’яўляюцца новыя цікавыя песні, танцы, карагоды, як, напрыклад, “Васілёчкі” (летні карагод), танец “Нарэчанька “тройкамі” і іншыя. Наогул, рэпертуар узорнага калектыву складаецца з абрадавых і пазаабрадавых песень, гульняў, найгрышаў, узораў народнай харэаграфіі, што з вялікай цікавасцю ўспрымаецца гледачамі самых розных аўдыторый.

Асобна трэба сказаць пра духоўную аснову ансамбля “Рудабельскія зорачкі” – носьбітаў мастацкіх традыцый. У розныя часы юныя выканаўцы цесна супрацоўнічалі з Аляксеем Фёдаравічам Куляём, Сямёнам Данілавічам Селіванавым і асабліва плённа і актыўна – з Варварай Данілаўнай Верас. Пасля яе зыходу з жыцця справу маці ў плане творчага сяброўства з калектывам працягвае дачка Майя Васільеўна Шпак.

Так званая гастрольная дзейнасць узорнага фальклорнага ансамбля з Акцябрскага цэнтра вольнага часу без перабольшвання ўражвае. Калектыў “Рудабельскія зорачкі” – пастаянны ўдзельнік раённых, рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў, міжнародных фальклорных конкурсаў, канцэртаў, фестываляў, якія праходзілі ў Беларусі. Украіне, Расіі, Германіі, дзе неаднаразова станавіўся лаўрэатам, мае вялікую колькасць узнагарод, уключаючы і вышэйшай ступені. І “зорачкі”, якія зараз знаходзяцца ў выдатнай форме і ў актыўным творчым пошуку, не збіраюцца спыняцца на дасягнутым.

Юрый Каспяровіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *