У адным з самых цікавых творчых мерапрыемстваў фестывалю “Берагіня”, які даўно знайшоў сваіх шматлікіх прыхільнікаў і гледачоў, — Х Рэспубліканскім турніры дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў “З рога – усяго многа” сёлета спаборнічалі 7 удзельнікаў.
І цяпер, як і раней, юныя аматары фальклору, прадстаўляючыя розныя раёны Беларусі, прычым у большасці значна аддаленыя ад гаспадара “Берагіні” — гарпасёлка Акцябрскі, у намінацыі “Фальклорная творчасць” прадэманстравалі экспертнай групе і гледачам сапраўдныя міні-спектаклі, выкарыстоўваючы ў іх арыгінальныя элементы народнай спадчыны ў традыцыях старадаўніх святаў і абрадаў, зразумела, сваёй мясцовасці, яе рэгіянальных асаблівасцяў. Згодна з палажэннем аб конкурсе, яго ўдзельнікі, а гэта ў асноўным прадстаўнікі школьнага ўзросту, у прэзентацыях сваіх праграм павінны былі абавязкова выкарыстаць карагод любой разнавіднасці, адметны для родных мясцін выканаўцаў, кадрылю (самастойную кампазіцыю без дакладнага капіравання парных побытавых танцаў ці традыцыйны танец кадрыльнага тыпу), танец-польку на мясцовым матэрыяле, траецкія, купальныя, жніўныя і іншыя спевы ў ансамблевым ці сольным выкананні, ансамблевы інструментальны найгрыш, таксама віталіся расказаныя паданні і казкі.
Безумоўна, усім, хто прысутнічаў у другі фестывальны дзень у зале Акцябрскага цэнтра вольнага часу, было што паглядзець і ўзяць для сябе шмат новага, цікавага і карыснага з тэатралізаваных выступленняў нашчадкаў фальклорнай спадчыны нашай краіны. Гэта, напрыклад, шматпланавая дэманстрацыя абрадаў Купалля, Юр’я з каларытнымі асаблівасцямі Заходняй Беларусі ў выкананні ўзорных фальклорных калектываў “Жаўручкі” з аграгарадка Спорава Бярозаўскага раёна і “Вясковая табала” з Маларыччыны Брэсцкай вобласці, што суправаджалася каментарыямі юных артыстаў на меладычных дыялектах іх мясцовасці (быццам бы нязвыклая гаворка, аднак у працэсе ўсё разумееш). Гэта і кароткая гісторыя ўсяго сельскагаспадарчага года, прадстаўленая па народных абрадах фальклорным калектывам “Лецейка” Багатырскага СДК Полацкага раёна Віцебшчыны, і мілагучныя масленічныя і жніўныя песні, якія спявалі нашы продкі ў Веткаўскім раёне (выконваў дзіцячы калектыў “Задорынка” з вёскі Свяцілавічы гэтага раёна), і арыгінальная фальклорная дыскатэка, якую арганізавалі юныя аматары народнай творчасці з фальклорнага гурта “Чобаты” горада Ваўкавыска Гродненскай вобласці, і чаруючыя спевы пад баян і без музычнага суправаджэння, заліхвацкія танцы “Яблычка , “Лысы”, што прадэманстравалі ўдзельнікі калектыва “Марачаначка” Клецкага раёна Мінскай вобласці. Ну і ў чарговы раз парадавалі экспертаў і гледачоў гаспадары, а дакладней, у асобе ўзорнга фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі” Акцябрскага цэнтра вольнага часу: гучнымі апладысментамі былі ацэнены іх жніўныя песні, знакамітая “Рудабельская кадрыля”, танец-гульня накшталт “ручайка”, жартоўная казка пра хітрага чорта і спрытнага, знаходлівага мужыка. Адным словам, на гэтым творчым спаборніцтве было на што паглядзець і каму апладзіраваць…
На падвядзенні вынікаў Х Рэспубліканскага конкурсу дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў “З рога – усяго многа” Граматамі “За захаванне і папулярызацыю нацыянальнай культурнай спадчыны беларусаў” і каштоўнымі падарункамі аргкамітэта фестывалю “Берагіня” былі ўзнагарожданы ўзорныя фальклорныя калектывы “Чобаты”, “Лецейка”, “Марачаначка” і Задорынка”. Дыпломам лаўрэата ІІІ ступені “За папулярызацыю народнай творчасці і адданасць каранёвай традыцыі” і каштоўным падарункам адзначаны ўзорны фальклорны гурт “Жаўручкі” (аграгарадок Спорава Бярозаўскага раёна), наш калектыў “Рудабельскія зорачкі” стаў лаўрэатам ІІ ступені. А пераможцам турніра “З рога – усяго многа” на гэта раз прызнаны заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорны фальклорны ансамбль “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Віншуем і да новых цікавых сустрэч!
Юрый Каспяровіч.
Фота аўтара.