Рудабельшчына заўсёды з’яўляецца захавальніцай традыцый народнай творчасці. Невыпадкова тут ужо ў дзявяты раз, з 23 па 26 чэрвеня, пройдзе захапляльны Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», які стаў візітнай карткай раёна. Свята збірае ўсіх, хто бязмежна ўлюбёны ў фальклор, у беларускую аўтэнтыку. З кожным разам фестываль набывае большыя маштабы, дапаўняецца цікавымі формамі правядзення, якасным узроўнем падрыхтоўкі яго ўдзельнікаў. У конкурсных імпрэзах свята прымуць удзел прадстаўнікі дзіцячых і дарослых калектываў з усіх абласцей Рэспублікі Беларусь і горада Мінска.
Праграма фестывалю прадугледжвае абавязковае правядзенне турніру фальклорных дзіцяча-маладзёжных калектываў, якія прадставяць танцавальную і песенную творчасць, пакажуць фрагменты традыцыйнага вяселля, прадэманструюць выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Традыцыйным з’яўляецца правядзенне песенна-танцавальных праграм дарослых аўтэнтычных гуртоў, якія складаюцца з носьбітаў народнай культуры. Навінкамі фестывалю стануць конкурсы музычна-інструментальных капэл традыцыйнага складу «Дудар» і салістаў – выканаўцаў беларускіх народных традыцыйных танцаў з удзелам пяці рознаўзроставых груп.
Акцябршчыну на фестывалі прадставяць дзіцячыя калектывы «Рудабельскія зорачкі» – Акцябрскага цэнтра вольнага часу, «Праменьчыкі» – Акцябрскай дзіцячай школы мастацтваў, «Цярэшкавы шчодрыкі» – Рассветаўскага КСЦ, «Некрашынка» – Валосавіцкага СДНТ і дарослыя – «Купалінка» – Пратасаўскага СДНТ, «Перазвоны» – Гацкага СДК.
Праграма фестывальнага жыцця мае быць насычанай, з абавязковым удзелам апантаных даследчыкаў, экспертаў, педагогаў, дзяцей.
Увесь фестываль складаецца з «урокаў», якія даюць адказ на пытанні: як зрабіць фальклор цікавым, як правільна адраджаць страчаныя традыцыі, як захаваць чысціню народнага мастацтва.
Людміла Вырвіч,
метадыст ДУК «Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці
Акцябрскага раёна».
Ізноў да нас прыйшла «Берагіня». У чарговы раз наш Акцябрскі, невялікі палескі гарадок, усяго на некалькі дзён ператворыцца ў адну вялікую святочную пляцоўку.
У гэтым годзе ў фестывалі прыме ўдзел больш за 30 фальклорных калектываў, сярод якіх – творчыя калектывы – госці з бліжняга і дальняга замежжа. Гэта дарослыя калектывы «Елізавецінцы», «Лазоры» (Расія), «ELEKTRO-PORCELAN» і «ZLATIBOR» (Сербія) і дзіцячыя фальклорныя ансамблі «RADOSTI» (Чэхія), «Рэкетукас» (Літва), «Жэмэрва» (Польшча).
Аснова фестывалю – конкурсы і турніры танцавальных пар і калектываў, якія прадугледжваюць паказ абавязковай праграмы выступлення ў адпаведных інструментальных і танцавальна-спеўных намінацыях. А калектывы- пераможцы фестывалю мінулых гадоў і замежныя калектывы прадставяць гасцям свае канцэртныя праграмы. Усе фестывальныя дні будуць запоўнены святочнымі мерапрыемствамі. У праграме «Берагіні» – арганізацыя выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і прэзентацыя іх калектывамі, правядзенне сапраўдных майстар-класаў разам з носьбітамі ў вывучэнні побытавых танцаў і спеваў, гранне на гармоніках, дэманстрацыя старажытных «адрэстаўраваных» строяў, паказ абрадаў, пляценне вянкоў…
«Берагіня» стане сапраўдным сузор’ем талентаў, аб’яднаных настроем прыгажосці і натхнення.
Няхай у прыемнай фестывальнай атмасферы народнай творчасці ўмацоўваецца дружба, нараджаецца апантанасць, раскрываецца майстэрства, а для аматараў фальклорнага мастацтва адкрываюцца новыя старонкі беларускай народнай культуры.
Юлія Кулак,
метадыст ДУК «Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці
Акцябрскага раёна».