Сёння, 15 жніўня, вядомаму пісьменніку і журналісту Віктару Лоўгачу споўнілася б 85 гадоў

Общество

Сёння, 15 жніўня, вядомаму пісьменніку і журналісту Віктару Аляксандравічу Лоўгачу споўнілася б 85 гадоў.

Прозвішча Лоўгач для нашых мясцін не тутэйшае, не карэннае, і да пачатку 70-х яго носьбітаў сярод мясцовых жыхароў наогул не было, пакуль не накіравалі ў раённую газету “Чырвоны Кастрычнік” новага рэдактара. Ім і стаў Віктар Аляксандравіч напрыканцы далёкага ўжо 1970 года. Тут ён трывала пусціў свае карані, таксама ў Акцябрскі пазней прыехалі яго стрыечныя браты Віктар і Мікалай  з адпаведным прозвішчам, якія ў розныя гады працавалі ў нашай “раёнцы”. Так Лоўгачы трывала замацаваліся на слыху акцябрычан да сённяшняга дня.

Малой жа радзімай будучага рэдактара і літаратара з’яўлялася невялікая лясная вёсачка Хісцецкі Бор Жыткавіцкага раёна. Ранняе дзяцінства хлопчыка супала фашысцкай акупацыяй у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі ён на роўных з бацькамі і землякамі перажываў цяжкасці і пакуты таго суровага часу. Адтуліну для сябе Віктар знайшоў у вучобе, калі пайшоў у школу адразу пасля вызвалення ад ворага роднай вёскі. Вельмі шмат чытаў, а ў старэйшых класах і сам узяўся за пяро. Пасябраваў з мясцовай “раёнкай” і нават з некаторымі рэспубліканскімі газетамі і часопісамі – пачынаючага аўтара – юнкора і селькора адразу заўважылі, высока ацанілі і актыўна друкавалі. Таму, напэўна, у выбары прафесійнага шляху Віктар Лоўгач вызначыўся хутка і канчаткова: адразу пасля тэрміновай службы ў авіяцыі ён сваё жыццё звязаў з журналістыкай, а дакладней, з работай у раённым перыядычным друку. Кропкай адліку стала праца літаратурным супрацоўнікам у Капаткевіцкай раённай газеце, гэта быў 1958 год. Паралельна завочна вучыўся на філасофскім факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. А калі праз 4 гады гэты раён з цэнтрам у вядомым гарпасёлку на Петрыкаўшчыне скасавалі, Віктар Аляксандравіч пераехаў у Чачэрск – працаваў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром, намеснікам рэдактара тутэйшага раённага друкаванага выдання. І як мы ўжо казалі, з 1970 года яго месцам жыхарства стаў гарадскі пасёлак Акцябрскі, дзе на працягу без малага трох дзесяцігоддзяў да выхаду на заслужаны адпачынак у студзені 1999-га Віктар Лоўгач рэдагаваў нашу раённую газету “Чырвоны Кастрычнік”.

Быць кіраўніком рэдакцыйнага калектыву і нават раённага друку ў цэлым Віктару Аляксандравічу давялося ў няпростыя перыяды нашай гісторыі. Гэта спачатку адносна стабільны перыяд так званага развітога сацыялізму ў нашай дзяржаве, затым супярэчлівая ў многіх паняццях і накірунках перабудова, развал Савецкага Саюза з вядомымі негатыўнымі наступствамі і, нарэшце, станаўленне Рэспублікі Беларусь як незалежнай краіны. І ўвесь гэты перыяд дзякуючы высокаму прафесіяналізму, адметным арганізатарскім здольнасцям і нярэдка – прынцыповай дакладнай пазіцыі рэдактара Віктара Лоўгача Акцябрская раённая газета заўсёды мела свой твар, карысталася ўстойлівым попытам і папулярнасцю ў мясцовага чытача, часта ўдзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, дзе займала першыя-другія месцы. За многія  гады кіруючы і творчы багаж Віктара Аляксандравіча поўніўся шматлікімі знакавымі ўзнагародамі. Сярод іх – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровая грамата Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь за вялікі асабісты ўклад у развіццё айчыннай журналістыкі, шэраг іншых дыпломаў, грамат і падзяк ад розных арганізацый і ведамстваў рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўню.

Не толькі адна журналістыка складала гранкі творчых здольнасцяў Віктара Аляксандравіча Лоўгача. Шырокаму колу чытачоў у нас у раёне, а таксама і за яго межамі вядомы літаратурныя творы пераважна сатырычнай накіраванасці рэдактара акцябрскай “раёнкі”. Член Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” В. А. Лоўгач друкаваў свае шматлікія гумарэскі, фельетоны, іранескі, анекдоты, байкі ў прозе ў многіх перыядычных выданнях рэспублікі, у тым ліку і ў вельмі папулярным раней часопісу “Вожык”. Акрамя таго, пры жыцці выдаў 4 зборнікі сваіх сатырычных твораў – “Таблетка ад сну” (1989 г.), “Эліксір здароўя” (2010 г.), “Замовы ад спакус” (2011 г.) і “Гумар на пасашок” (2015 г.). Філосаф па адукацыі, Віктар Аляксандравіч быў гумарыстам па натуры, а сюжэты і вобразы для сваіх твораў чэрпаў з жыцця, навакольнага асяроддзя, паўсядзённых з’яў і падзей альбо са свайго шчырага захаплення – палявання,  змагаючыся сатырычным пяром з рознымі заганамі і недахопамі нашага грамадства.

Успамінаючы сёння Віктара Аляксандравіча, нельга не ўзгадаць пра яго аптымізм, жыццялюбства і добразычлівасць, якія заўсёды былі ўласцівы гэтаму шчыраму чалавеку. Гасцінны гаспадар, цудоўны суразмоўца, ён хоць і знаходзіўся працяглы час дома, на заслужаным адпачынку, жыва цікавіўся падзеямі сучаснага жыцця, меў свой, парою цвёрды і прынцыповы погляд на тую ці іншую з’яву. Будучы нават у 80-гадовым узросце,  Віктар Лоўгач як журналіст і пісьменнік па-ранейшаму знаходзіўся ў страі – працягваў літаратурную творчасць, дасылаў у “Чырвоны Кастрычнік” уласна набраныя на старой друкаванай машынцы (з камп’ютарам так і не пасябраваў) нататкі і замалёўкі, а калі дазваляла здароўе, наведваў  наш (і, безумоўна, свой) рэдакцыйны калектыў, стараюючыся не губляць прысутнасці духу і аптымізму. На жаль, цяжкая працяглая хвароба паскорыла зыход з жыцця нашага паважанага ветэрана – яго не стала ў 83-гадовым узросце 4 снежня 2019 года. Прайшоў пэўны час, аднак і сёння такога чалавека, якім быў Віктар Аляксандравіч, нам вельмі не хапае, не стае яго мудрых парад, добразычлівых адносін і пажаданняў да кожнага з калектыва, уключаючы і моладзь, новых кніжак. Аднак засталася вялікая творчая спадчына Віктара Лоўгача і добрая аб ім памяць, пра што мы і гаворым з нагоды заўтрашняга  юбілею Журналіста, Пісьменніка, Чалавека…

Юрый Каспяровіч.            



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *