ТРАДЫЦЫІ І АБРАДЫ

Общество

2016 год у Беларусі абвешчаны Годам культуры. Чым ён будзе знамянальным, пакажа час. А зараз, можна сказаць, вельмі важна, што на дзяржаўным узроўні зададзены культурны і духоўны вектары развіцця грамадства і дзяржавы. Бо культура — важнейшая каштоўнасць і здабытак народа, фундамент патрыятызму, духоўная сіла, якая захоўваецца ў традыцыях і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Так што справядліва, што культуру сталі разглядаць шматаспектна — з улікам і культуры вытворчасці, і культуры ўпарадкавання населеных пунктаў, культуры выхавання і культуры сямейных адносін, нацыянальных традыцый і абрадаў.

Паколькі Акцябршчына багата на народныя традыцыі, то Год культуры распачынаем менавіта з іх. На жаль, сапраўдных носьбітаў адшукаць зараз даволі складана, але ўсё ж такі з адным з іх давялося сустрэцца напярэдадні Ражаства Хрыстова і Каляд. Знаёмцеся – Марыя Патапаўна КАЛЯНКЕВІЧ (на здымку) з Новай Дубровы. Жанчына немаладых гадоў, але бабуляй яе нават і не назавеш, хаця мае яна чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў. Бадзёрая і вясёлая гаспадыня са шчырай і адкрытай душой ветліва запрасіла ў вялікую, але ўжо апусцелую хату. Нягледзячы на гэты студзеньскі мароз, Марыя Патапаўна чакала нас на сваім падворку. З першай сустрэчы я зразумела, што яна шмат ведае і помніць пра былыя часы. Так і адбылося. Жанчына з задавальненнем паведала пра тое, як адзначаліся зімовыя святы, у прыватнасці Каляды, да вайны і пасля яе. Пачала Марыя Патапаўна з самага маленства.

– Тады мне было ну няхай гадоў шэсць ці сем. Але я добра памятаю, як мы, малыя, бегалі за больш дарослымі дзяўчатамі. Тыя нас не праганялі, а наадварот бралі ў сваю хеўру, каб ім было весялей. Гэта зараз я разумею, што да чаго, а тады хіба мы думалі пра тыя святы. Ведалі, што зімой шчадруюць, ды і ўсё. Тады было дзяцей багата ў сяле. То мы дома не сядзелі. Куды старэйшыя ішлі, туды і мы за імі ўслед вераніцай ляцелі.
Шостага студзеня пачыналася галодная куцця. У кожнай хаце варыўся квас і поліўка з грыбоў. Смачныя такія былі. Духмяныя. З печы як выймуць чыгунок, дык пах разносіцца па ўсёй хаце. Абавязкова гатавалі і кашу на посным масле: ці грачнёву, ці пярлову. А што мы, малыя дзеці? Што нальюць, тое і ядзім: картоплю, семя, капустку з гуркамі. Боршч варылі – грыбы сушоныя кідалі. Беленькіх, маладзенькіх ды салодзенькіх пакладуць туды не шкадуючы. Дык каму ж тое мяса спатрэбіцца? Удабавак да ўсяго тушоных картопель з ільняным ці канапляным семем пад’ясі. Вось такія былі ў нас сняданкі ці вячэры. Ну а пасля Ражаства, канешне, пяклі бліны, смажылі сала з мясам, елі вэнджаныя, з прыправамі, духмяныя каўбаскі, высушаныя паляндвіцы. Не ведаю, хто галадаў, а мы дык не. Усяго хапала.
Працягваючы размову пра даўнія зімовыя святы, цікава было пачуць, ці строга саблюдаліся пасты ў тыя часы.
– О! Тады з гэтым было даволі строга, – адказала Марыя Патапаўна, прыхіліўшы згарованную маршчыністую руку да сваёй шчакі. – У кожнай хаце, як я ўжо казала, гатавалі посную ежу. І хаця яна была не вельмі сытнай, аднак пра мяса і малако ніхто і не ўспамінаў. А тыя, хто трымаў карову, тапілі малако ў сыр, са смятаны білі масла. І усё гэта захоўвалася ў цэбары, які ў сенцах стаяў. Ён там замярзаў і захоўваўся да самае Пасхі.
На Ражаство ўсе – і дарослыя, і дзеці – імкнуліся ісці ў царкву. Гэта патрэбна было абавязкова, бо была традыцыя – прынесці адтуль дахаты свечку з агеньчыкам. І толькі так, каб яна не патухла. Як гаспадары заходзяць ў хату, дык з самых дзвярэй на столі свечкай малявалі крыжык.
– Вашы бацькі таксама так рабілі?
– Ну канешне, – з гонарам за тое, што прытрымлівалася і яе сям’я мясцовых звычаяў, адказала гаварлівая жанчына. – Вось. Пост закончыўся, пачынаўся мясаед і «святыя» вечары. Так яны зваліся. Сабіраліся ў якой-небудзь хаце і, як тыя жвавыя вавёркі, лускалі семкі ды арэхі сушоныя. Луска ўся на падлогу ляцела. Ніхто нічога не падмятаў. Без казак і анекдотаў гулякі не абыходзіліся. А мы ўжо – дзетвара – то ў парозе пастаім, то на печ залезем, то па вуліцы пабегаем. Ды і зноў у хату. На Стары Новы год старэйшыя дзяўчаты хадзілі шчадраваць. Упрыгожваліся не абы як. Апраналіся ў яркія, вялікія хусткі-шаляноўкі, абвязваліся скацеркамі. Торбы абавязкова вешалі праз плячо, таму што ў кожнай хаце грошы ці прысмакі давалі. Нам было цікава. Мы ведалі ўсіх сваіх людзей, толькі хацелася даведацца, хто там, пад гэткім казачным адзеннем. Калядоўшчыкі заходзілі ў хату, пачыналі пець. У кружку паходзяць, патанцуюць, паспяваюць, а на другі дзень гэтыя цыганкі збіраюцца ў якой-небудзь хаце і частуюцца. Кругом рогат ды жвавая гамонка.
Па маёй просьбе Марыя Патапаўна не толькі ўспомніла радкі якой-небудзь даўняй песні, але і прапела іх:
– Цыганачка, кума мая,
У агародзе свінні твае
Няхай рыюць, хоць начуюць,
Яны салодкі корань чуюць
і г. д.
Дарослая моладзь з дзятвой сябравала, і мы адчувалі сябе адной сям’ёй. Такога не было, што ты не з нашай кампаніі, дык не хадзі да нас. Трынаццатага студзеня асаблівым рытуалам былі гаданні. Дзяўкі кідалі свае башмакі і глядзелі, куды павернецца насок абутку, з таго боку будзе і жаніх. Не ведаю, спраўджвалася яно ці не, але адна знаёмая казала, што ў яе менавіта так і выйшла. Хто ёй паказаўся ў тую ноч, за таго і замуж пайшла. Вельмі былі цікавыя абрады і традыцыі. Шкада, што раней нікому гэта не трэба было. А зараз дык вельмі «шукаюць» даўніну тую, звяртаюцца да беларускай мовы.
У размове з гэтай сялянкай я даведалася, што вельмі любіў чытаць беларускія творы яе муж Васіль.
– Кнігі беларускіх класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы былі настольнымі, – прыгадала Марыя Патапаўна. – Мабыць, гэтая любоў да роднай мовы перадалася нашай дачцэ Людміле, якая доўгі час працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў першай школе. Ды і ўнучкі – прыхільнікі роднай мовы. Спрабавалі друкаваць свае вершы ў «раёнцы». І ў іх гэта добра атрымлівалася (лексіка суразмоўцы захавана).
З такой суразмоўцай, як Марыя Патапаўна, не засумуеш. Пра што не спытай, на ўсё знойдзецца адказ, ды не просты, а грунтоўны, з жыццёвымі прыкладамі. Давялося звярнуцца нам і да тэмы лекавых раслін. Яны, кажуць, заўсёды былі хуткімі дапаможнікамі ў народнай медыцыне. Нават да Марыі Патапаўны аднойчы трапіў карэспандэнт адной рэспубліканскай газеты, дык застаўся ў вялікім уражанні ад яе расповядаў пра травы ды ягады. Для мяне таксама Марыя Патапаўна зрабіла амаль што некае «адкрыццё», бо я ніколі не чула, каб з канаплі смятану рабілі. І тут мая суразмоўца мне ўсё дакладна растлумачыла:
– Таўклі канаплянае семя, прасейвалі праз сіта і варылі ў печы. Доўга, покуль варыва не зробіцца белай смятанай. На гэтай поліўцы гатавалі аўсяны кісель. Ух, вельмі смачнае блюда было. Акрамя таго яшчэ і карыснае. Я і зараз яго заўсёды вару.
Шмат яшчэ чаго магла паведаць Марыя Патапаўна. Успомніла і паказала нумары раённай газеты, дзе друкавалася пра яе родных, блізкіх ці знаёмых людзей, суседзяў, родзічаў, землякоў. Чамусьці для ее гэта вельмі каштоўна. Захоўваецца і выпуск раённай газеты аж з саракагадовым часам даўніны. Яна – сапраўдны радавод каштоўнасцей, мудрасці, скарбніца ведаў, па якіх трэба жыць. У яе добрая памяць на гістарычныя моманты, факты, падзеі і лёсы. Зразумела, што з такім чалавекам цікава, і тэм для размоў можна знайсці хоць да раніцы. І гэта добра, што хаця і не шмат, але жывуць яшчэ ў нашых вёсках такія вось людзі, якія могуць перадаць сваім нашчадкам нейкі кавалачак гісторыі. Гісторыі, якая, на жаль, застаецца толькі ў памяці.
Наталля ЁВЕНКА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *