Практычна ўся зернеўборачная тэхніка адкрытага акцыянернага таварыства “Дзербін”, якая поўнасцю забяспечыць аб’ёмы будучай уборкі збожжавых на палях гаспадаркі, на сённяшні дзень пастаўлена на лінейку гатоўнасці.
Моцная засуха, якая панавала амаль два месяцы ў нашых шыротах, негатыўна адбілася на фарміраванні першага ўкосу траў, а таксама прыспешыла выспяванне хлябоў і крыжакветкавых культур. Таму і відавочна, што ўборка зерневых сёлета, хутчэй за ўсё, пачнецца раней звычайных тэрмінаў. Безумоўна, тэмпы і якасць прадстаячага жніва будуць залежаць ад многіх фактараў, дзе адным з галоўных ужо на бягучым этапе выступае гатоўнасць неабходнай тэхнікі да выхаду на спелую збажыну. У гаспадарках Акцябршчыны ў гэтыя дні праводзяцца неабходныя падрыхтоўчыя работы як у камбайнавых парках, так і на зернетаках, на механізаваных комплексах для дапрацоўкі зерня.
Арганізавана падыйшлі да чарговай уборачнай кампаніі, да якой засталося зусім нямнога часу, работнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Дзербін” (так, дарэчы, было і ў шэрагу апошніх мінулых гадоў). У прыватнасці, па стану на 27 чэрвеня на лінейку гатоўнасці былі пастаўлены 3 зернеўборачныя машыны, з якіх 2 камбайны маркі КЗС-12 А1 можна лічыць практычна новымі – яны адпрацавалі на палях сельгасарганізацыі адпаведна два і адзін сезоны. Яшчэ адзін КЗС-1218 на іх фоне з’яўляецца ветэранам – эксплуатуецца з 2012 года, што, аднак, не сказаш па знешнім выглядзе машыны, безадказнай рабоце яе вузлоў і механізмаў. Наогул, як паведаміў галоўны інжынер ААТ “Дзербін” Аляксандр Якуш, сёлетняя падрыхтоўка камбайнаў да жніва абыйшлася без значных затрат: у сур’ёзным рамонце патрэбы не было, абмежаваліся толькі тэхнічным абслугоўваннем вышэйназваных камбайнаў, што своечасова выканалі замацаваныя за “стэпавымі караблямі” механізатары гаспадаркі. Гэта Анатоль Баранаў і Павел Палуян (адпаведна старшы камбайнер і камбайнер экіпажа навейшага КЗС-12 А1), Аляксандр Шастачук і Сяргей Цярэнцьеў (будуць працаваць у якасці старшых камбайнераў на КЗС-12 А1 і КЗС-1218).
Акрамя пералічаных збожжаўборачных машын на прадстаячым жніве ў ААТ “Дзербін” падчас масавай і напружанай уборкі плануюць задзейнічаць яшчэ адну, толькі меншай магутнасці і прадукцыйнасці, маркі КЗС-10 2017 года выпуска, замацаваную за перадавым механізатарам Вадзімам Кудрэнка. Камбайн не праблемны: патрэбна толькі замяніць транспарцёр наклоннай камеры (неабходныя запасныя часткі ўжо закуплены) і падчапіць жатку. Гэта зойме зусім нямнога часу, і яшчэ адзін зернеўборачны агрэгат можна смела ставіць на лінейку гатоўнасці.
Між іншым, знаходзіцца ў такой пазіцыі камбайны будуць нядоўга. Як ужо адзначалася вышэй, ва ўмовах бягучага складанага надвор’я выхад на спелую збажыну не пакіне сябе доўга чакаць. У тым жа ААТ “Дзербін”, па ацэнцы спецыялістаў, на зусім блізкім падыходзе да жніва знаходзіцца поле азімага ячменю, што за майстэрнямі гаспадаркі, а таксама асобныя ўчасткі азімага рапсу. Весці іх абмалот першымі давядзецца экіпажам Анатоля Баранава і Паўла Палуяна, Аляксандра Шастачука, якія забяспечылі лепшы рабочы стан камбайнаў да жніва.
Пакуль жа ў майстэрні і на мехдвары названай гаспадаркі акрамя падрыхтоўкі збожжаўборачнай тэхнікі, выконваецца рамонт іншых сельгасмашын, у якіх адчуваецца патрэба менавіта ў гэты час. Напрыклад, дзякуючы майстэрству механізатараў і асабліва газаэлектразваршчыка Івана Мурашка практычна адноўлены культыватар КОУП-8 для міжрадковай апрацоўкі кукурузы з адначасовым унясеннем вадкіх мінеральных угнаенняў, даводзіца да ладу кормараздатчык КРФ-10.
Юрый Каспяровіч.
Фота аўтара.