Для чалавека сталага ўзросту вельмі важныя новыя ўражанні і сустрэчы. У паездках пры наведванні гістарычных і культурных аб,ектаў мы, ветэраны працы, знаходзім для сябе многа новага і цікавага. Зараз, на шчасце, дастаткова вольнага часу. Мы, калі збіраемся разам, , пакідаем па-за ўвагай нейкія свае праблемы і непрыемнасці, забываем пра не зусім добрае самаадчуванне.
Дзякуючы Цэнтру гісторыі і культуры, раённаму савету ветэранаў мы наведваем славутыя мясціны Беларусі: пабывалі на канцэртах, спектаклях розных беларускіх тэатраў і нават на “Славянскім базары” ў Віцебску. Незабыўнае ўражанне засталося ад наведвання Лініі Сталіна, мемарыяльнага комплекса “Ала” у Светлагорскім раёне.
15 чэрвеня бягучага года. Сонечны цёплы дзень. Для нас ён стаў насычанным і незабыўным. А пабывалі мы ў Калінкавіцкім раёне. Першым аб,ектам, які мы наведалі, стаў Ражаства-Багародзічны мужчынскі манастыр і дамавая царква ў аграгарадку Юравічы. Гісторыя будаўніцтва вялікага каменнага комплекса ў стылі барока, які складаецца з храма ў імя Ражаства Дзевы Марыі Юравіцкай, адносіцца да 1710-1746 гг. Фактычна гэты велічны барочны ансамбль быў узведзены з адной мэтай – стаць своеасаблівай “скарбонкай”, каштоўным рэлікварыем, годным архітэктурным афармленнем для захавання сваёй галоўнай святыні – цудатворнага вобраза Юравіцкай Багамаці, яна з,яўляецца душой усяго гэтага краю. Зараз ідзе рэстаўрацыя комплекса: галоўная царква — у “лясах”. Працуе невялікая “дамавая” царква. Насельнік манастыра манах Таісій цікава распавёў аб гэтым “намоленым” царкоўным комплексе.
Наступны прыпынак. Стаянка старажытнага чалавека каменнага веку, якая датуецца 24-м тысячагоддзем да нашай эры, каля вёскі Юравічы. Выяўлена яна ў 1929 годзе беларускім археолагам К. М. Палікарповічам на беразе ракі Прыпяць. Тады археолагі знайшлі тут каменныя прылады працы – скрабкі, праколкі, нажавідныя пласціны, косткі мамантаў, першабытных быкоў, дзікага каня, рэшткі жытлаў авальнай формы, якія будаваліся з костак маманта і накрываліся шкурамі. Сёння гэта музей пад адкрытым небам. Нікога з нас наведванне старажытнай стаянкі не пакінула абыякавым.
Кульмінацыяй нашага падарожжа стала наведванне аграгарадка Глінішчы. Гэта радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа. Музей знаходзіцца ў звычайнай вясковай хаце. З вялікай цікавасцю мы слухалі пра дзяцінства, юнацтва, пісьменніцкую працу Івана Мележа. Іван Паўлавіч раскрыўся нам не толькі як пісьменнік, але і як чалавек, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, грамадскі дзеяч. Якасцю афармлення, колькасцю экспанатаў, фотаздымкаў музей у Глінішчах можа паспрачацца нават са сталічнымі музейнымі ўстановамі.
Дарога дадому. Прагучала прапанова Алены Уладзіміраўны Хамчук спыніцца ў аграгарадку Валосавічы. Аказалася, што яна з,яўляецца куратарам створанай у будынку старой школы праваслаўнай царквы. Падыйшлі. На ганку чатыры званы, падвешаныя пад столлю. У царкве іконастас. На сценах мноства ікон. Алена Уладзіміраўна расказала, як стваралася царква. Нажаль, сёння няма ў Валосавічах святара, які служыў бы тут.
Перад самім Акцябрскім нехта спытаў аб тым, куды рушым у наступны раз. Валянціна Рыгораўна Грынкевіч, сакратар савета ветэранаў, прапанавала паехаць 27 чэрвеня ў Бабруйск. У абласным тэатры імя В. Дуніна- Марцінкевіча можна будзе паглядзець спектакль “Паўлінка” у пастаноўцы трупы Нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы. Мы ўпэўнены, што новыя падарожжы, новыя эмоцыі будуць нам толькі на карысць.
Шчыра дзякуем за арганізацыю апошняй паездкі навуковаму супрацоўніку Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна Людміле Васільеўне Вырвіч, сакратару ветэранскай арганізацыі Валянціне Рыгораўне Грынкевіч і асабіста вадзіцелю Адольфу Густававічу Копу.
Вера Іванаўна Падута, ветэран педагагічнай прац