Вучаніца 9 класа Акцябрскай раённай гімназіі Дамініка Казлова атрымала Дыплом ІІІ ступені ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі

Образование

26 кастрычніка ў Гомелі прайшла абласная навукова-практычная канферэнцыя вучняў па прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных кірунках «Пошук». Удзел у ёй прыняла вучаніца 9 класа Акцябрскай раённай гімназіі Дамініка Казлова, якая за сваю работу «Семантыка і культурная інфармацыя фразеалагізмаў з агульным значэннем «Эмоцыя» ў мове твораў Янкі Купалы» атрымала Дыплом ІІІ ступені.

– Дамініка – вельмі старанная, мэтанакіраваная дзяўчынка, – гаворыць настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Крэч. – Мы з ёю займаемся з пятага класа. У канферэнцыі «Пошук» яна прымала ўдзел упершыню, і адразу такі цудоўны вынік.

– Ганаруся перамогай нашай таленавітай вучаніцы, – дадае калегу Жанна Філіповіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры. – Разам з Таццянай Сяргееўнай мы рыхтавалі Дамініку да ўдзелу ў канферэнцыі, і падчас падрыхтоўкі ў нас утварылася своеасаблівае «трыа» аднадумцаў.

Дамініка падзялілася сваімі ўражаннямі:

– Безумоўна, было няпроста, асабліва падчас падрыхтоўкі да очнага этапу. Часу нам адвялі нямнога, усяго толькі тыдзень, але мы справіліся. На абароне я выцягнула першы нумар. Спачатку хвалявалася, але потым выйшла, сабралася, адчула сябе больш упэўнена, абараніла сваю работу і адказала на пытанні журы. Вялікі дзякуй маім настаўнікам за дапамогу і за тое, што вераць у мяне.

Педагогі ў сваю чаргу выражаюць падзяку за падтрымку і дапамогу дырэктару гімназіі Андрэю Васільевічу Кадолу, намесніку дырэктара па вучэбнай дзейнасці Алене Аляксееўне Дзянісавай, намесніку дырэктара па выхаваўчай дзейнасці Наталлі Юр’еўне Разгуляевай.

Аксана Борсук. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *