Вянок традыцый

Общество

Тут гасцей свята ўрачыста сустракалі ў вышыванках удзельнікі калектываў народнай творчасці ўстаноў культуры раёна: фальклорныя гурты “Купалінка” з Пратасоў і “Перазвоны” з Гаці, вакальна-харэаграфічны ансамбль “Рудабельская пацеха” з цэнтра вольнага часу і гурт “Світанак” з Рассвета. Каларытнае выступленне прадставілі гледачам таксама і абразцовы фальклорны калектыў “Рудабельскія зорачкі” пад кіраўніцтвам Вольгі Дульскай. Юныя ўдзельнікі не толькі прыгожа выконвалі самабытныя песні, віртуозна гралі на народных музычных інструментах і ўдала танчылі, але і прадэманстравалі майстар-клас па пляценню купальскіх вянкоў – аднаго з галоўных атрыбутаў народнага свята.
Праграма купальскіх урачыстасцей была насычанай, таму арганізатары (культработнікі) запланавалі ў ёй не толькі выступленні мясцовых калектываў народнай творчасці, але і абавязковае пляценне звыклых купальскіх вянкоў, святочнае вогнішча, а таксама шуканне папараць-кветкі, бо лічыцца, што, хто ў гэтую ноч знойдзе яе, той будзе шчаслівым увесь год. Дарэчы, імправізаваную чароўную кветку імкнуліся знайсці многія, але пашчасціла толькі адной дзяўчыне, якая атрымала прыз ад вядучых мерапрыемства. Акрамя таго, пад час фальклорнага свята разам з вядучымі цэнтра вольнага часу Аленай Ганжуравай і Паўлам Осіпавым можна было прыняць удзел у абрадавых гульнях, пусціць вянкі па вадзе, стаць назіральнікам вялікага купальскага вогнішча і адчуць сябе незвычайна шчаслівым ў вялікім святочным карагодзе ў асяроддзі тых, хто гэтак жа цэніць даўнія традыцыі, паданні і абрады. Пасля гэтага абраду Купалле яшчэ працягнулася культурна-забаўляльнай праграмай для моладзі.
Наталля ЁВЕНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *