Чаму ім важна планаваць сваю пенсійную будучыню ўжо сёння і што для гэтага трэба, расказалі прадстаўнікі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Указам № 500 «Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні» дадзена права ўдзельнічаць у дзяржаўным сацыяльным страхаванні самазанятым грамадзянам, дзейнасць якіх не адносіцца да прадпрымальніцкай. А ІП, натарыусы і адвакаты змогуць выплачваць гэтыя ўзносы толькі за перыяд фактычнага ажыццяўлення сваёй дзейнасці з атрыманнем даходу. Таксама ўрэгуляваны пытанні забеспячэння правоў і гарантый у галіне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання некаторых іншых катэгорый грамадзян.
Па звестках падатковай службы, у краіне каля 37 тысяч самазанятых асоб, — столькі чалавек заплацілі адзіны падатак.
Каб у іх з’явілася права на пенсію, ім трэба адлічаць у бюджэт фонду 29 % ад сумы мінімальнай заработнай платы. Мінімальны месячны плацеж для гэтай катэгорыі, з улікам велічыні МЗП у студзені 2019 года, складзе 95,7 рубля.
«Мы будзем весці інфармацыйна-тлумачальную работу сярод такіх грамадзян аб неабходнасці фарміравання свайго страхавога стажу», — адзначыў у прэс-цэнтры БелТА начальнік упраўлення метадалогіі збору плацяжоў і прафесійнага пенсійнага страхавання ФСАН Уладзімір Клімчанка. Ён падкрэсліў, што цікавасць да ўказа з боку самазанятых была вялікая яшчэ ў перыяд абмеркавання дакумента. А ў першыя два тыдні пасля яго выхаду ў органы фонду звярнуліся больш за 200 чалавек па тлумачэнні аб парадку і сумах выплаты.
Дарэчы, цяпер у нашай краіне 3,6 тысячы чалавек атрымліваюць сацыяльную пенсію, паколькі не сфарміравалі неабходнага страхавога стажу. Кіраўнік ФСАН Наталля Паўлючэнка лічыць, што па магчымасці сума ўзносаў павінна быць больш за мінімальную (з прывязкай да МЗП), таму што калі выплачваць унёскі 20 гадоў ад мінімальнай заработнай платы, то мінімальная працоўная пенсія па ўзросце складзе 216 рублёў. У тых грамадзян, якія не сфарміравалі свой страхавы стаж, на сёння памер сацыяльнай пенсіі — 50 % БПМ, ці 107 рублёў.
Да 2014 года страхавы стаж, які ўлічваецца пры вызначэнні права на працоўную пенсію, складаў пяць гадоў, затым яго павялічылі да 10, а пасля да 15 гадоў. Цяпер працягваецца паступальнае павышэнне страхавога стажу — штогод на паўгода, каб да 2025-га ён дасягнуў 20 гадоў. Беларусы, якім не ўдалося яго напрацаваць, могуць аформіць сацыяльную пенсію па дасягненні імі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.
Сяргей КУРКАЧ