Заўтра спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, нашага земляка Андрэя Міхайлавіча Пінчука

Общество

.

Адзіны з ураджэнцаў раёна за яго гісторыю, які быў удастоены такой высокай узнагароды за мужнасць і гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны, пражыў кароткае, але яркае жыццё. Яго бацькі, простыя сяляне з вёскі Качай — Балота (цяпер – Рассвет), усё ж такі знайшлі магчымасць, каб іх сын змог вучыцца. І гэта атрымалася. Андрэй Пінчук скончыў дзесяцігодку ў пасёлку Парычы цяперашняга Светлагорскага раёна, аб чым і сёння сведчыць мемарыяльная дошка на будынку былой мясцовай школы (зараз там размешчаны вучэбна-вытворчы камбінат). Атрымаць сярэднюю адукацыю па тым часе было вялікай справай, што адкрывала перад такімі маладымі людзьмі пэўныя жыццёвыя перспектывы. Граматнасць і кампетэнтнасць, прыродная кемлівасць і вялікія арганізатарскія здольнасці Андрэя Пінчука не прайшлі па-за ўвагай тагачаснага кіраўніцтва пры вылучэнні былога вяскоўца на пасаду старшыні Акцябрскага райспажыўсаюза, якую ён займаў у перадваенны час.  У 1940 годзе А. М. Пінчук уступіў у рады КПСС.

Як камуніст і кіруючы работнік, Андрэй Міхайлавіч з першых дзён Вялікай Айчыннай быў адпраўлены на перадавую. З чэрвеня 1941 года змагаўся ў складзе часцей Чырвонай Арміі на Заходнім, Паўднёва-Заходнім, Паўднёвым, Варонежскім, 2-м Украінскім франтах, стаў афіцэрам. Камандзір танкавага батальёна маёр А. М. Пінчук асабліва вызначыўся ў баях на тэрыторыі Румыніі і Венгрыі. 20 жніўня 1944 года каля г. Ясы яго батальён прарваў абарону праціўніка і адкрыў дарогу для наступлення 6-й танкавай арміі. Камбат Пінчук правёў савецкія танкі праз Паўднёвыя Карпаты, падраздзяленне пад яго камандаваннем удзельнічала ў прарыве абароны ворага на Паўночным Усходзе ад Будапешта і адным з першых дасягнула Дуная. Тады сіламі батальёна было знішчана 8 танкаў, 77 гармат, 195 кулямётаў, 64 мінамётаў праціўніка, не гаворачы ўжо аб стратах ворага ў жывой сіле. На жаль, дунайскі плацдарм стаў апошнім у жыцці храбрага афіцэра: ён загінуў у баі 2 снежня 1944 года. Пахаваны ў горадзе Балта Адэскай вобласці. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў наступальных аперацыях 2-га Украінскага фронта Андрэй Пінчук Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 28 красавіка 1945 года пасмяротна быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

На радзіме Андрэя Міхайлавіча свята захоўваюць памяць аб сваім славутым земляку. Яго іменем названа вуліца ў аграгарадку Рассвет, а на доме, які захаваўся з даваеннага часу і дзе жыў у маладосці наш юбіляр, размешчана памятная дошка. У гэтай хаце, дарэчы, пражывала жонка А. М. Пінчука Паліна Іванаўна, якая да сваіх апошніх дзён (памерла ў лістападзе 2007 года ў 94-гадовым узросце) пранесла статус удавы загінуўшага воіна, шчыравала ў калгасе “Малады ленінец” паляводам і даяркай, самастойна выгадавала сына і дзвюх дачок, дачакалася ўнукаў і праўнукаў. Значыць, род героя, які з’явіўся на свет у Качай — Балоце (Рассвеце) роўна 105 гадоў таму і знайшоў апошні спачын у вусці Дуная незадоўга да завяршэння Вялікай Айчыннай вайны, змагаючыся за наша сённяшняе мірнае жыццё, дастойна працягваецца.

Юрый Каспяровіч.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *