Жыццёвае крэда сям’і Каранец

Общество

Пра гэтых людзей можна смела сказаць: яны працуюць і дзень, і ноч. Віктар и Марыя Каранцы з аграгарадка Рассвет – сапраўдныя рупліўцы, іх праца- здольнасці і гаспадарскаму падыходу можна толькі пазайздросціць. Муж з жонкай трымаюць вялікую гаспадарку, на іх падворку каровы, парсюкі, куры, індыкі, сабака і некалькі катоў. Хтосьці прачытае гэтыя словы і здзівіцца: ці гэта гаспадарка?

Паверце: акрамя догляду за жывёлай Каранцы ў ідэальным стане ўтрымліваюць падворак, прылягаючую тэрыторыю, дапаможныя памяшканні, лазню, вялікі агарод, а яшчэ суседні участак, дзе вясной і летам пасвяцца каровы. Віктар і Марыя – людзі ад зямлі, гаспадары, якія любяць працаваць. І за гэтую добрасумленную працу зямля спаўна адорвае іх сваім багаццем.

– Паглядзіце на нашу гаспадарку, – ветліва запрашае Марыя Іванаўна. – Тут у нас тры кароўкі і маленькая цёлачка, толькі нара- дзілася. Бывала раней, што і чатыры каровы трымалі, але сышліся, што для нашых патрэб і трох дастаткова.

У цёплым хляве чыстыя, прыгожыя рагулі выглядаюць дагле- джанымі і задаволенымі.

– Толькі паелі, таму такія спакойныя, адпачываюць зараз, – тлумачыць гаспадыня.

Сама Марыя Іванаўна па прафесіі ветэрынарны ўрач, шмат гадоў лячыла жывёл як у гаспадарцы, так і ў мясцовых жыхароў. Зразумела, што і сваіх рагуль яна даглядае, як трэба, корміць па правілах, заўважае, калі што-небудзь не так здараецца ў іх са здароўем.

Далей Марыя Іванаўна право- дзіць па другіх хлявах, паказвае дагледжаных свінак, курэй, індыкоў, нават дзікая качка прыбілася да хатняй зграі. За жывёламі пільна дагладаюць сабака Бім, які прывольна жыве ў вальеры, і каля пяці-шасці катоў. Яны – санітары, засцярагаюць гаспадарку ад грызуноў. Дэманструе Марыя Іванаўна і іншыя будынкі: дрывотню, даверху напоўненую дрывамі, сенавал з духмяным сенам, падвал, дзе захоўваецца насенне, памяшканне, у якім у цэласці да самай вясны ляжыць гародніна, вырашчаная сваімі рукамі, гараж для сельскагаспадарчай тэхнікі, двухпавярховы домік, пабудаваны рукамі Віктара, агарод, лазню… Вочы проста разбягаюцца, гледзячы на парадак, чысціню і ўтульнасць у гэтым двары. Сам дом Каранцоў таксама нельга не заўважыць. Ён адзіны такі ў аграгарадку. Каля дваццаці гадоў назад Віктар патынкаваў сцены хаты, але зрабіў гэта незвычайным спосабам: выглядае так, быццам дом абкладзены пліткай. Таму дэкаратыўная тынкоўка выглядае вельмі арыгінальна і прыгожа. Калі ў гаспадароў такі даглежданы двор, то становіцца цікава, а як жа ў самім доме. Тут нельга і сумнявацца: утульнасць адчуваецца з першых крокаў.

– Нам здаецца, што мы жывем звычайна. Не імкнемся да залатых палацаў, але ж любім парадак і чысціню. Да нас часта прыязджаюць дзеці з унукамі, вось гэта самая сапраўдная радасць, а не сучасны рамонт па апошнім піску моды, – разважае Марыя Іванаўна. Але дапаўняе, што рамонт у доме – гэта справа рук яе мужа. Ён любіць гэтым займацца, а яна і не пярэчыць.

– Віця ўсё робіць сам, ён любіць, каб тэхніка, інструменты, сад, агарод, прылягаючая тэрыторыя знаходзіліся ў парадку. Ён чалавек, у якога, як кажуць, залатыя рукі. За якую справу не возьмецца – давядзе яе да ладу. Ну і я разам з ім працую, такой добрай гаспадаркі без яго не было б, хіба справіцца адна жанчына без мужчынскіх рук? – задаецца пытаннем і адначасова хваліць мужа Марыя Іванаўна.

Віктар Уладзіміравіч працуе ў мясцовай школе адначасова вартаўніком і рабочым па абслугоўванню будынка. Яго залатым рукам заўсёды ёсць работа. Аднак жа і Марыя Іванаўна крыху скромнічае. Зразумела ж, што гэтая шпаркая жанчына і сама не любіць сядзець на месцы ці ляжаць на канапе перад тэлевізарам. Гаспадыня кажа, што кожны яе дзень пачынаецца ў пяць гадзін раніцы: спачатку трэба пакарміць жывёлу, падаіць кароў, потым перайсці на кухню, заняцца гатаваннем ежы. Час за паўсядзённымі справамі ляціць хутка. І калі ў зімовы перыяд колькасць абавязкаў, якія выконваюць гаспадары штодзённа, можна пералічыць, то ўлетку работы становіцца ў разы больш. Трэба апрацаваць вялікі агарод каля дома і ўчастак на полі, нарыхтаваць сена, бульбы, буракоў, а яшчэ заве да сябе лес са сваімі дарамі. Калі наступае ягадны сезон, то Марыя Іванаўна паспявае і ў лес з’ездзіць, ягад назбіраць.

Пытаю, ці застаецца ў гаспадыні час на адпачынак. Адказвае, што паспявае і тэлевізар пагля- дзець, і за камп’ютарам пася- дзець. Проста трэба правільна планаваць свой дзень, рухацца хутка і не ленавацца, кажа гаспадыня.

Марыя Іванаўна родам са Светлагорскага раёна, у Акцябрскі пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута прыехала па размеркаванні. Думала, што будзе працаваць у Любані, але па выпадковасці трапіла ў Рассвет. Так і працавала 27 гадоў у мясцовай гаспадарцы галоўным ветурачом.

– Калгас наш быў вялікі: мелі ў той час свінакомплекс больш за 5 тысяч галоў, кароў было 2 тысячы. Шмат працавала, прыходзілася і ноччу ісці на фермы, каб дапамагчы жывёлам. Не лічылася ні з асабістымі справамі, ні з часам. Працавала, нават будучы цяжарнай малодшай дачкой, амаль да самых родаў, – дзеліцца ўспамінамі Марыя Іванаўна.

У Рассвеце пасялілі яе па суседстве з Віктарам Каранцом. У маладога хлопца ў той час была складаная сямейная сітуацыя, але лёс і каханне зрабілі сваю справу. Праз год Марыя і Віктар згулялі вяселле і пачалі будаваць сваё шчасце, на шляху якога былі розныя моманты, але муж з жонкай іх пераадолелі, змаглі захаваць павагу адзін да аднаго і добрыя адносіны, а яшчэ яны думаюць у адным напрамку, кожны дзень жывуць плённай працай, якая прыносіць ім і задавальненне, і прыбытак.

– Калісьці ў Рассвеце кароў трымалі ў кожным двары, а зараз толькі мы і яшчэ адна гаспадыня! Ніхто не хоча даглядаць жывёлу, прасцей купіць малако ў краме. А я ж свайго жыцця без хатняй жыўнасці не ўяўляю. Што рабіць у вёсцы, калі не працаваць, – здзіўляецца суразмоўніца.

Дарэчы, за мінулы год Марыя Каранец стала лепшым малаказдатчыкам у раёне, на адну галаву жывёлы яна прадала 5 482,7 кг малака. Кажу жанчыне, што праца гэта вельмі цяжкая: колькі трэба сіл, каб накарміць, падаіць кароў і зарабіць на гэтым грошай! Марыя Іванаўна хутка робіць “раскладку”: колькі яна атрымлівае за тое, што здае каштоўны прадукт дзяржаве, але і колькі трэба патраціць, каб дагледзець рагуль. Купіць сена, камбікорм, муку, нарыхтаваць бульбы і буракоў – за ўсё трэба заплаціць ці патраціць свае сілы і час.

– Але ж не верце таму, хто кажа, што зарабіць на гэтым нельга. Канечне, можна. Я ж не ўсё малако здаю, яшчэ і для сябе пакідаю. А гэта ж такі прадукт, на якім можна ўсю сям’ю пракарміць. Проста не трэба ленавацца, а працаваць кожны дзень – тады і вынік будзе. Нашы рагулі дагледжаныя, сытыя, чыстыя, малака даюць столькі, што нам хапае, – зноў мы вяртаемся да выніка, што без штодзённай працы нічога не атрымаеш – ні парадку на падворку, ні грошай у кішэні.
Ганарацца Віктар і Марыя сваімі чатырма дачкамі. Кожнай з іх бацькі далі вышэйшую адукацыю. Старэйшая Людміла жыве ў Мазыры, працуе педагогам-арганізатарам у школе, Ірына і Вікторыя пайшлі па слядах маці – яны таксама скончылі Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Іра жыве ў Гомелі, Віка – ў Акцябрскім. У райцэнтры абаснавалася і малодшая дачка. Лілія стала урачом агульнай практыкі, яна выбрала справай свайго жыцця лячыць людзей. Дарэчы, адукацыю атрымала таксама ў Віцебску, але ў медуніверсітэце.

– У нас чатыры донькі, чатыры зяці і дзевяць унукаў – наша шчасце і радасць, – кажуць Марыя Іванаўна і Віктар Ула- дзіміравіч. – Дочкі выраслі такімі ж працавітымі, як і мы. І ў дзяцінстве нам дапамагалі, і зараз бацькоў не забываюць. Мы жывём так, как не было сорамна перш за ўсё перад самімі сабой, чэсна, дружна і ў пастаянным руху. А сваё жыццёвае крэда можам абазначыць такімі словамі: трэба працаваць, каб атрымліваць асалоду ад вынікаў сваёй працы, з задавльненнем адпачываць і прыгожа жыць.

Ірына ЛЯШКОВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *